2017-08-28 10:14:00

Францішак да каталіцкіх палітыкаў: будаваць масты дыялогу


Абапірацца ў сваёй працы на плёны разважання аб хрысціянскім разуменні чалавечай асобы, заклікаў папа Францішак ўдзельнікаў штогадовай канферэнцыі Міжнароднай сеткі каталіцкіх заканадаўцаў, якіх прыняў 27 жніўня 2017 г. на аўдыенцыі ў Ватыкане. Ён выказаў сваю радасць па прычыне большай колькасці сабраных у параўнанні з мінулым годам, асаблівым чынам вітаючы новых палітыкаў з афрыканскіх краін.

У сваім звароце Папа нагадаў, што пры стварэнні і прыняцці новых законаў важным з’яўляецца захаванне хрысціянскага разумення асобы. Каталіцкая духоўнасць і засяроджанасць на Хрысце дапамагаюць будаваць больш справядлівае і гуманнае грамадства, падкрэсліў ён. 

Францішак заклікаў парламентарыяў да будавання мастоў дыялогу паміж рознымі палітычнымі плынямі, спрыяючы большаму клопату пра безааборных і маргіналізаваных, асабліва калі яны вымушаны пакідаць свае родныя землі.

Міжнародная сетка каталіцкіх заканадаўцаў (International Catholic Legislators Network) з’яўляецца нефармальнай групай палітыкаў з больш чым 20 краін свету, якія вызнаюць сябе католікамі і прымаюць удзел у прыняцці законаў на дзяржаўным узроўні. Яна была заснавана ў 2010 г. па ініцыятыве арцыбіскупа Вены кардынала Крыстафа Шонбарна і члена брытанскай Палаты лордаў Дэвіда Альтона дзеля падтрымкі хрысціянскіх каштоўнасцяў у палітычнай сферы.

Штогадовыя канферэнцыі гэтага аб’яднання традыцыйна праходзяцца ў апошнія дні жніўня ў горадзе Фраскаці, пад Рымам. Сёлетні форум быў прысвечаны праблеме бежанцаў і мігрантаў, правам чалавека, пераследу хрысціян на Блізкім Усходзе і сексуальным злоўжыванням у касцёльных асяродках.








All the contents on this site are copyrighted ©.