2017-08-29 15:20:00

Пантыфік прыбудзе ў М'янму з пасланнем міру


Папа здзейніць падарожжа ў М’янму як пасланнік міру, каб падтрымаць хрысціян і звярнуцца з агульным заклікам да прымірэння, падкрэсліў сакратар Апостальскай нунцыятуры ў гэтай азіяцкай краіне, кс. Дарыё Павіша. Паведамленне аб маючым адбыцца 27-30 лістапада 2017 г. візіце Пантыфіка ён агучыў падчас адмысловай прэс-канферэнцыі, якая прайшла ў сталіцы М’янмы, Янгоне. 

На ёй прысутнічала вялікая колькасць журналістаў, што, паводле святара, кажа аб вялікім інтарэсе да гэтай падзеі не толькі з боку Каталіцкага Касцёла, але таксама з боку ўладаў і ўсяго насельніцтва, “якое вельмі патрабуе “міру і любові”. Менавіта гэтыя словы з’яўляюцца афіцыйным дэвізам Апостальскага падарожжа, заўважыў дыпламат.

Кс. Павіша распавёў, што мясцовыя біскупы ўжо правялі сустрэчу з прадстаўнікамі моладзевых груп з мэтай стварэння арганізацыйнага камітэту падарожжа. Акрамя таго, яны скіравалі пасланне да ўсяго насельніцтва краіны, у якім падкрэслілі, што Папа прыедзе як пасланнік міру, каб падтрымаць хрысціян, але таксама, каб звярнуцца з агульным заклікам да прымірэння паміж рознымі этнічнымі групамі. Акрамя васьмі галоўных этнасаў, у М’янме пражываюць прадстаўнікі 135 нацыянальных меншасцяў, якія патрабуюць падтрымкі.

Сакратар нунцыятуры нагадаў, што Францішак стане першым Пантыфікам, які наведае гэту азіяцкую краіну. На яго думку, гэта паспрыяе ўмацаванню веры мясцовых католікаў, якія ў мінулым годзе адзначылі 500-годдзе прысутнасці хрысціянства на сваіх землях.

Дыпламатычныя адносіны паміж Апостальскай Сталіцай і М’янмай былі ўстаноўлены 4 мая 2017 г. падчас візіту ў Ватыкан дзяржаўнага дарадчыка і міністра замежных спраў М’янмы, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру 1991 г. Аўн Сан Су Чжы. 12 жніўня 2017 г. Святы Айцец прызначыў першага Апостальскага нунцыя ў гэтай краіне, арцыбіскуп Поля Чанга Ін-Нама. Каталіцкая супольнасць М’янмы налічвае каля 725 тыс. чалавек з 51-мільённага насельніцтва краіны. 90% яе жыхароў вызнае будызм. 

Падчас малітвы “Анёл Панскі” 27 жніўня 2017 г. папа Францішак выказаў салідарнасць з прадстаўнікамі рэлігійнай меншасці рахінджа, пераслед якой з 2016 г. працягваецца ў М’янме. “Папросім Пана збавіць іх і паслаць мужчын і жанчын добрай волі ім на дапамогу, каб у поўнай меры прызналі іх правы. Памолімся за братоў рахінджа”, - заклікаў Святы Айцец.

У М'янме Пантыфік наведае гарады Янгон і Найп’іда. Затым, з 30 лістапада па 2 снежня 2017 г., ён наведае Бангладэш, дзе яго будуць чакаць у горадзе Дака.








All the contents on this site are copyrighted ©.