2017-08-29 14:15:00

Папа прызначыў пастыра Касцёла ў Кыргызстане


Францішак прызначыў Апостальскага адміністратара ў Кыргызстане. Ім стаў амерыканскі езуіт, кс. Энтані Джэймс Каркаран, настаяцель Незалежнага расійскага рэгіёну Таварыства Езуса. Адмысловае паведамленне апублікавала 29 жніўня 2017 г. Зала Друку Апостальскай Сталіцы.

Кс. Каркаран нарадзіўся ў 1963 г. у горадзе Тусон, у штаце Арызона. Пасля вывучэння паліталогіі ў каталіцкім універсітэце Маркета ў Мілуокі ўступіў у Таварыства Езуса. Да прыняцця прэзбітэрскага пасвячэння ў 1996 г. абараніў дысертацыю па міжнароднай палітычнай эканоміцы ў Фордхэмскім універсітэце, у Нью-Ёрку і па тэалогіі, у Уэстанскай тэалагічнай школе, якая дзейнічае пры Бостанскім коледжы. У 1990-1992 г. выкладаў у Вышэйшай езуіцкай школе ў Новым Арлеане. У 1997 г. атрымаў ступень ліцэнцыяту па тэалогіі духоўнасці.

На працягу апошніх дваццаці гадоў кс. Каркаран здзейсняе душпастырскае служэнне ў Расіі. Ён займаў пасаду дырэктара міждыяцэзіяльнай перадсемінарыі ў Новасібірску і яе духоўнага кіраўніка, пробашча парафіі св. Юзафа ў Бердску, генеральнага вікарыя дыяцэзіі Перамянення Пана ў Новасібірску, настаяцеля Незалежнага расійскага рэгіёну Таварыства Езуса. У 2006 г. абараніў доктарскую дысертацыю ў Уэстанскай тэалагічнай школе.

Апостальская адміністратура ў Кыргызстане была заснавана 18 сакавіка 2006 г.  Бэнэдыктам XVI. Яна ахоплівае ўсю тэрыторыю краіны і складаецца з трох парафій са звязанымі з імі дваццаццю капліцамі. Яе былы пастыр, біскуп Мікалай Мэсмер, памёр 18 ліпеня 2016 г.. З 1 жніўня 2016 г. абавязкі Апостальскага адміністратара “ad nutum Sanctae Sedis” выконваў славенскі езуіт, кс. Янэз Міхельчыч.








All the contents on this site are copyrighted ©.