2017-08-31 22:16:00

Пантыфік моліцца за ахвяр урагану ў ЗША


Францішак выказаў сваю духоўную блізкасць жыхарам амерыканскіх штатаў Тэхас і Луізіяна, якія пацярпелі ад моцнага ўрагану. У спачувальным пасланні, скіраваным за подпісам кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна на імя кардынала Дэніэла Дзі Нарда, старшыні Канферэнцыі Біскупаў ЗША, Святы Айцец адзначыў, што "быў глыбока засмучаны трагічнай гібеллю людзей і вялізарным матэрыяльным уронам", выкліканым стыхійным бедствам.

Пантыфік запэўніў у сваіх малітвах "за ахвяр і іх сям'і, а таксама за ўсіх удзельнікаў жыццёва важных ратавальных прац". Ён выказаў упэўненасць у тым, што "вялізарныя і неадкладныя патрэбы многіх людзей і супольнасцяў працягнуць абуджаць вялікую хвалю салідарнасці і ўзаемадапамогі ў лепшых традыцыях амерыканскага народу".

Ураган абрынуўся на паўднёвую частку ЗША 25 жніўня моцнымі дажджамі, катастрафічнай паводкай і ветрам хуткасцю да 200 км/г. Колькасць ахвяр стыхіі вырасла да 37 чалавек. Акрамя таго, рэгіён панёс вялізарныя матэрыяльныя страты. У зоне бедства абвешчана надзвычайнае становішча. 








All the contents on this site are copyrighted ©.