2017-08-31 09:13:00

Папа прызначыў кардынала-мучаніка сваім легатам у Косава


“Усім добра вядома, наколькі важнае месца сярод святых сучаснай эпохі займае Тэрэза з Калькуты, асабліва за вытрывалую працу і самаадданасць, з якой яна несла дапамогу бедным і слабым”, - напісаў папа Францішак у лісце да свайго спецыяльнага пасланніка на кансэкрацыю касцёла Маці Тэрэзы ў Прышціне, сталіцы Косава. 

Урачыстасці пройдуць 5 верасня 2017 г., а прадстаўляць Пантыфіка на іх будзе албанскі кардынал Эрнэст Сымані. 89-гадовы іерарх з’яўляецца жывым сімвалам пакутаў албанскіх хрысціян у эпоху камуністычнага пераследу. Святарскае пасвячэнне ён атрымаў патаемна ў 1956 г. У вігілію Божага нараджэння 1963 г. быў арыштаваны і асуджаны на смерць. Пазней гэта пакаранне было заменена 18 гадамі турэмнага зняволення, на працягу якіх ён працягваў займацца душпастырствам сярод вязняў. На свабоду святар выйшаў у 1990 г. Францішак, падчас свайго візіту у Албанію у верасні 2014 г., быў глыбока крануты яго сведчаннем, а ў 2016 г. надаў яму кардынальскую годнасць.

У лісце да свайго легата Пантыфік падкрэсліў, што новы касцёл Маці Тэрэзы з Калькуты ў Прышціне з’яўляецца знакам пашаны да годнасці і дзейснасці гэтай выбітнай постаці. Адначасова ён павінен паспрыяць евангелізацыі сярод мясцовых жыхароў і развіццю дабрачынных ініцыятыў на іх карысць. Праз свайго пасланніка Францішак пераказаў усім удзельнікаў кансэкрацыйнай урачыстасці сваё благаслаўленне і пажаданне духоўнага абнаўлення. 








All the contents on this site are copyrighted ©.