2017-09-02 14:09:00

Францішак: рэлігійныя лідэры павінны быць вястунамі міру


Рэлігійныя лідэры павінны быць вястунамі міру, каб сеяць надзею на будучыню, у якой будзе пачуты вокліч мільёнаў людзей, што выракаюцца ад вайны і просяць аб большай згодзе паміж людзьмі і грамадствамі, народамі і дзяржавамі, падкрэсліў Францішак падчас аўдыенцыі для прадстаўнікоў Карэйскай рады рэлігійных лідэраў, якіх прыняў 2 верасня 2017 г. у Ватыкане.

Каталіцкі Касцёл ідзе наперад па шляху міжрэлігійнага дыялогу. Гэты шлях падабаецца Богу і спрыяе міру, падкрэсліў у сваім звароце Папа і заклікаў паўднёвакарэйскіх рэлігійных лідэраў спрыяць працэсу прымірэння, становячыся жывым прыкладам стылю ненасілля і міру праз словы, якія не нагнятаюць страху і жэсты, якия адваротныя рыторыцы нянавісці. 

Каб дыялог быў плённым ён павінен быць адкрытым і паважлівым, грунтавацца на павазе да права на жыццё, да фізічнай цэласнасці і фундаментыльных свабодаў чалавека, такіх як свабода сумлення, рэлігіі, думкі і слова, якія з’яўляюцца стаўпамі ў будаванні міру, на карысць якога ўсе рэлігійныя лідэры пакліканы маліцца і дзейнічаць, лічыць Францішак.

“Свет глядзіць на нас” і просіць супольнага адказу на многія пытанні, напрыклад аб святасці чалавечай годнасці, адмаўленні ад насілля, асабліва калі яно здзейсняецца ў імя Бога, дэсакралізуючы такім чынам чалавечую рэлігійнасць, аб карупцыі, крызісе сям’і, эканоміцы, экалогіі і надзеі, падкрэсліў Папа.

Ён заклікаў сваіх гасцей закасаць рукавы і сеяць надзею на будучыню у якой трэба дапамагчы чалавеку быць больш чалавечным. “Не спыняюся прасіць Бога аб дары супакою і братэрскага прымірэння” для ўмілаванага карэйскага народу, сказаў Святы Айцец на заканчэнне сваёй прамовы.

Карэйская рада рэлігійных лідэраў аб’ядноўвае кіраўнікоў сямі галоўных веравызнанняў Паўднёвай Карэі. Яе прадстаўнікі прыбылі ў Рым у рамках міжрэлігійнай пілігрымкі. У 2014 г. Пантыфік ужо сустракаўся з членамі Рады падчас свайго падарожжа ў гэту азіяцкую краіну.








All the contents on this site are copyrighted ©.