2017-09-03 13:43:00

Святы Айцец: толькі любоў дае сэнс жыццю


Калі жывем для Пана і будуем наша жыццё на любові, як рабіў Езус, зможам адчуць смак сапраўднай радасці, сказаў папа Францішак падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”, якая прайшла 3 верасня 2017 г. на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

“Сённяшні ўрывак Евангелля з’яўляецца працягам таго, які чытаўся ў мінулую нядзелю, – адзначыў Пантыфік. – Ён быў прысвечаны вызнанню веры Пятра – “скалы”, на якой Езус пажадаў пабудаваць свой Касцёл. Сёння, у рэзкім кантрасце, Мацвей паказвае нам рэакцыю самаго Пятра, калі Езус распавёў вучням, што ў Ерузалеме павінен будзе пакутаваць, памерці і ўваскрэснуць. Пётр адводзіць Настаўніка ўбок і дакарае Яго за гэта, кажучы, што так не можа здарыцца з Ім, Хрыстом. Але Езус, у сваю чаргу, дакарае Пятра моцнымі словамі: “Адыдзі ад Мяне, сатана! Ты для Мяне спакуса, бо думаеш не аб тым, што Божае, але аб тым, што чалавечае”. За хвіліну да гэтага, апостал быў благаслаўлёны Айцом, бо атрымаў адкрыццё ад Айца, быў моцнай “скалой”, на якой Езус мог будаваць сваю супольнасць, але праз імгненне становіцца перашкодай, каменем, але не прызначаным для будавання, а каменем спатыкнення на шляху Месіі. Езус добра ведае, што Пётр і іншыя павінны яшчэ прайсці доўгі шлях, каб стаць Ягонымі вучнямі!

Тады Настаўнік звяртаецца да ўсіх, хто ішоў за Ім, з яснасцю прадстаўляючы ім шлях, які трэба пераадолець: “Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой, і ідзе следам за Мною”. (24). Заўсёды, таксама і сёння, існуе спакуса ісці за Хрыстом без крыжа, больш за тое, вучыць Бога правільнаму шляху, на падабенства Пятра, які казаў: “Не, Пане, гэтаму не быць ніколі!” Але Езус нагадвае нам, што Яго шлях – гэта шлях любові і няма сапраўднай любові без адрачэння ад сябе. Мы пакліканы не да таго, каб паддавацца бачанню гэтага свету, але яшчэ больш усведамляць патрэбу і цяжкасць, для нас хрысціян, крочання супраць плыні і ўгару.

Езус дапаўняе сваю прапанову словамі, якія выражаюць вялікую мудрасць, што ніколі не прамінае, бо кідаюць выклік эгацэнтрычнай ментальнасці і паводзінам. Ён папярэджвае: “Бо той, хто хоча жыццё сваё зберагчы, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той знойдзе яго” (25). У гэтым парадоксе заключана залатое правіла, якое Бог упісаў у чалавечую прыроду, створаную ў Хрысце: правіла, якое кажа, што толькі любоў дае сэнс і шчасце жыццю. Растраціць свае таленты, сілы і час толькі, каб зберагчы, захаваць і рэалізаваць саміх сябе, гэта, насамрэч, шлях да згубы або да сумнага і бясплоднага існавання. Калі ж жывем для Пана і будуем наша жыццё на любові, як рабіў Езус, зможам адчуць смак сапраўднай радасці і наша жыццё не будзе бясплодным – будзе плённым.

У цэлебрацыі Эўхарыстыі мы перажываем таямніцу крыжа. Не толькі памятаем, але спаўняем жывы ўспамін адкупленчай Ахвяры, у якой Божы Сын цалкам згубіў самога Сябе, каб атрымаць Сябе зноў ад Айца і адшукаць такім чынам нас, якія былі згубленыя, разам з усімі стварэннямі. Кожны раз калі ўдзельнічаем у св. Імшы, любоў укрыжаванага і ўваскрослага Хрыста перадаецца нам як пасілак і напой, каб маглі ісці за Ім на штодзённым шляху, у канкрэтным служэнні братам.

Няхай Найсвяцейшая Панна Марыя, якая ішла за Езусам аж да Кальварыі, суправаджае таксама і нас, і дапаможа, каб мы не баяліся крыжа – крыжа на якім быў укрыжаваны Езуса, а не крыжа без Езуса – крыжа Езуса, якім з’яўляюцца пакуты дзеля любові да Бога і братоў, бо гэтыя пакуты, праз ласку Хрыстовую, плённыя уваскрасеннем”. 

Пасля марыйнай малітвы Францішак прывітаў прысутных на плошчы св. Пятра пілігрымаў і удзяліў ім сваё благаслаўленне. 








All the contents on this site are copyrighted ©.