2017-09-04 11:35:00

Пантыфік прыняў лідэра Неакатэхуменальнага шляху


Францішак прыняў на аўдыенцыі Кіка Аргуэлу, заснавальніка Неакатэхуменальнага шляху – каталіцкага руху, які аб’ядноўвае тысячы вернікаў з розных куткоў свету. Сустрэча прайшла 4 верасня 2017 г. у Ватыкане.

На працягу апошніх дзён Аргуэла прымаў удзел у рэкалекцыях у Міжнародным цэнтры Неакатэхуменальнага шляху ў Порта-Сан-Джорджа, у італьянскім рэгіёне Марке, пасля якіх з шасцідзённай евангелізацыйнай місіяй па гарадах цэнтральнай Італіі вырушылі больш за 400 святароў, семінарыстаў і маладых людзей розныя нацыянальнасцяў.

Падчас духоўных практыкаванняў ён прадставіў ліст, які яшчэ 18 жніўня атрымаў ад Святога Айца. У ім Папа падзякаваў яму за атрыманы ў дар некалькі месяцаў таму “Дзённік” Кармэн Эрнандэс – сузаснавальніцы Неакатэхуменальнага шляху, якая памерла 19 ліпеня 2016 г. у 85-гадовым узросце у Мадрыдзе. Ён быў выдадзены асобнай кнігай на іспанскай мове ў ліпені 2017 г. 

“Дзякую за гэты дар. Мне радасна, што праз гэтыя старонкі становіцца бачным сведчанне вялікай любові да Езуса, святло Якога перамяняе пакуты ў дар, стомленасць у радасць, жыццё ў час для евангелізацыі. Няхай Бог дапаможа Неакатэхуменальнаму шляху заўсёды сеяць Евангелле з шчодрасцю і радасцю, верай і пакорнай паслухмянасцю, робячы з выпрабаванняў і цяжкасцяў прычыну для праслаўлення Пана Езуса”, - пажадаў у сваім лісце Пантыфік.

Неакатэхуменальны шлях быў заснаваны ў 1964 г. у Іспаніі. Яго галоўнай мэтай з’яўляецца евангелізацыя і катэхізацыя дарослых людзей. Супольнасці руху дзейнічаюць сёння ў больш чым 120 краінах па ўсім свеце, у тым ліку і ў Беларусі.








All the contents on this site are copyrighted ©.