2017-09-04 16:31:00

Папа: здольнасць смяяцца з сябе бароніць ад самалюбавання


Сведчыць аб міласэрнасці праз канкрэтныя ўчынкі і без самалюбавання, заклікаў Францішак членаў каталіцкай супольнасці “Shalom”, якіх прыняў 4 верасня 2017 г. на аўдыенцыі ў Ватыкане. У сустрэчы прынялі ўдзел каля 4 тыс. чалавек. Папа звярнуўся да іх на іспанскай мове без загадзя падрыхтаванага тэксту прамовы, пасля таго як выслухаў сведчанні некаторых сваіх гасцей.

Святы Айцец заклікаў членаў руху сведчыць аб міласэрнасці. Рабіць гэта трэба не толькі словамі, а ўчынкамі. Міласэрнасцю трэба дзяліцца, вучыць ёй, адракаючыся ад саміх сябе. Трэба абвяшчаць, што Бог добры і чакае людзей нават у самыя горшыя хвіліны іх жыцця, сказаў Францішак і дадаў, што цудоўны прыклад сапраўднай міласэрнасці дае евангельская прыпавесць пра блуднага сына і яго міласэрнага айца. 

Папа папярэдзіў моладзь аб небяспецы самадастатковасці і празмернай засяроджанасці на сябе. Сучасная культура, на яго думку, вельмі эгаістычная. Яна прасякнута самалюбаваннем і ігнраваннем іншых. Пастаяннае ўгляданне ў люстэрка і клопат аб макіяжу, заклапочанасць людзей тым, каб выглядаць лепш, чым яны з’яўляюцца на самой справе, прыводзіць да смутку. У гэтым кантэксце Папа нагадаў пра важнасць умення смяяцца з сябе, якое дае радасць і бароніць ад спакусы самалюбавання.

Каментуючы сведчанне юнака, які дзякуючы навяртанню, здолеў выйсці з нарказалежнасці, Францішак заўважыў, што наркотыкі – гэта адна з прыладаў, якую сучасная культура выкарыстоўвае, каб панаваць над людзьмі і знішчаць іх, бо яны адрываюць ад каранёў, сям’і, мінулага і любові. 

Каталіцкая супольнасць “Shalom” была заснавана ў 1982 г. у Бразіліі. Яе галоўная місія заключаецца ў евангелізацыі моладзі, сем’яў, дзяцей і бедных, а таксама перадачы веры праз СМІ і культуру. Сёння яна дзейнічае ў 19 краінах свету.








All the contents on this site are copyrighted ©.