2017-09-05 10:02:00

Ватыкан: выстава аб гісторыі Касцёла ў Карэі


9 верасня 2017 г. у Ватыкане адкрыецца выстава пад назвай “Як у небе, так і на зямлі. Сеул і 230 гадоў Каталіцкага Касцёла ў Карэі”. Прадстаўленыя ў экспазіцыі больш за 180 музейных прадметаў пазнаёмяць яе наведвальнікаў не толькі з гісторыяй каталіцтва, першых місій і пераследу вернікаў у Карэі, але таксама з сучаснасцю Каталіцкага Касцёла ў гэтай азіяцкай краіне і яго ўдзелам у сацыяльнай дзейнасці.

Арганізатарамі культурнай падзеі выступілі Каталіцкі Касцёл у Паўднёвай Карэі і Камітэт ушанавання памяці карэйскіх мучанікаў Сеульскай архідыяцэзіі ў супрацоўніцтве з Сеульскім гістарычным музеем і пад патранатам Сеульскай гарадской адміністрацыі, Пасольства Рэспублікі Карэя пры Апостальскай Сталіцы і Ватыканскіх музеяў.

Экспазіцыя будзе адкрыта для наведвальнікаў з 11 верасня па 17 лістапада ў памяшканнях Крыла Карла Вялікага каланады плошчы св. Пятра. Уваход бясплатны.

У дзень інаўгурацыі выставы ў ватыканскай базыліцы адбудзецца ўрачыстая св. Імша, якую будзе цэлебраваць кардынал Андру Ём Су Чжун, арцыбіскуп Сеула. На ёй будзе прысутнічаць дэлегацыя моладзі з пятнаццаці азіяцкіх краін, якія пасля наведвання Паўднёвай Карэі здзейсняюць пілігрымку ў Рым і Асізі.

Паўднёвая Карэя стала першай азіяцкай краінай, якую наведаў папа Францішак падчас свайго пантыфікату. Гэта адбылося 14-18 жніўня 2014 г. Некалькі дзён таму ён прыняў на аўдыенцыі дэлегацыю Карэйскай рады рэлігійных лідэраў – структуры, якая аб’ядноўвае кіраўнікоў сямі галоўных веравызнанняў у Паўднёвай Карэі.








All the contents on this site are copyrighted ©.