2017-09-06 11:54:00

"Палітыка і грамадства" – новая кніга-інтэрв’ю з Папам


У Францыі выйшла кніга-інтэрв’ю сацыёлага Дамініка Валтона, напісаная на падставе размоваў з папам Францішкам. Выданне пад назвай “Палітыка і грамадства” з’явілася на паліцах кнігарняў 6 верасня 2017 г. Яно складаецца з васьмі раздзелаў, у якіх Пантыфік разважае аб вайне і міры, рэлігіі і палітыцы, Еўропе і культурнай разнастайнасці, культуры і камунікацыі, адметнасцях, часе і радасцях, міласэрнасці, традыцыі і лёсе. Апошняя частка кнігі прысвечана постаці самаго Папы.

Адказваючы на пытанні аб феномене міграцыі Святы Айцец заўважыў, што Еўропа мае асаблівую адказнасць за сітуацыю ў Афрыцы, бо на працягу доўгага часу эксплуатавала гэты кантынент, а сёння ён патрабуе інвестыцый і стварэння працоўных месцаў. Калі людзі будуць мець працу яны не павінны будуць уцякаць, але калі трываюць войны, то гэта непазбежна. У той жа час Пантыфік паставіў рытарычнае пытанне аб паходжанні зброі, якая выкарыстоўваецца ў канфліктах.

Францішак не бачыць у сучаснай еўрапейскай палітыцы такіх постацяў як Рабэр Шуман ці Конрад Адэнаўэр. На яго думку, Еўропа спалохана і пастаянна закрываецца, забыўшы пра сваю доўгую гісторыю, прасякнутую інтэграцыяй розных народаў. Адначасова ён засмучаны тым фактам, што ў канстытуцыі Еўрапейскага Саюза няма ўзгадкі пра хрысціянскія карані кантыненту. Папа лічыць станоўчай з’явай свецкасць дзяржавы, але супраць лайцызму, для якога рэлігіі – гэта “падкультура”.

Гаворачы аб Касцёле Святы Айцец падкрэсліў, што гэта не толькі іерархія і духавенства. Касцёл – гэта народ, а каб пазнаёміцца з ім трэба ісці ў маленькія вёскі, шпіталі, дзе хрысціяне дапамагаюць пакутуючым або ў бедныя краіны, дзе місіянеры ахвяруюць сваімі жыццямі.

Адказваючы на пытанне аб прыродзе сужэнства Пантыфік заўважыў, што яно з’яўляецца саюзам мужчыны і жанчыны не толькі для Касцёла, але для ўсяго чалавецтва. “Гэта прырода рэчаў. З праўдай не жартуюць. Іншыя саюзы можна называць “грамадзянскімі”, - падкрэсліў Папа.

Святы Айцец лічыць станоўчай дынаміку развіцця дыялогу з ісламам, але мяркуе, што мусульманам было б карысна крытычнае вывучэнне Карану, як робяць хрысціяне з Бібліяй.

У ходзе размовы закраналася пытанне аб ролі жанчын у жыцці Папы. Ён распавёў аб удзячнасці за парады сваёй маці і бабулям, а таксама падзяліўся, што ў 42-гадовым узросце на працягу шасці месяцаў кансультаваўся з псіхааналітыкам, “каб высветліць некаторыя рэчы”. Перад смерцю гэта жанчына, якая была яўрэйкай, паклікала яго для духоўнай размовы, дадаў Святы Айцец.

Кніга “Палітыка і грамадства” з’яўляецца плёнам дванаццаці размоваў Францішка з Дамінікам Валтонам, якія праходзілі ў ватыканскім Доме св. Марты, цяперашняй рэзідэнцыі Пантыфіка. Французскі сацыёлаг з’яўляецца таксама аўтарам кніг-інтэрв’ю з кардыналам Жанам-Мары Люсціжэ, палітолагам і філосафам Раймонам Аронам, былым старшынёй Еўрапейскай камісіі Жакам Дэлорам.








All the contents on this site are copyrighted ©.