2017-09-06 15:48:00

Дэлегацыя Касцёла ў Беларусі на форуме аб будучыні Еўропы


Вялікая беларуская дэлегацыя прымае ўдзел у 21-м Міжнародным кангрэсе дабрачыннай арганізацыі “Renovabis”, які ў гэтыя дні праходзіць ў нямецкім Мюнхене. Арганізатары невыпадкова запрасілі іерархаў, святароў, свецкіх вернікаў з Беларусі і іншых краін Цэнтральнай, Усходняй і Паўднёвай Еўропы, паколькі тут расце недавер да Еўропы Заходняй, у прыватнасці да Еўрапейскага Саюза і яго структур у Брусэлі. 

Сама ідэя еўрапейскай інтэграцыі знаходзіцца пад пагрозай, сведчаннем чаму з’яўляюцца крызісныя настроі ва ўсіх частках Еўропы, якія праяўляюцца ў тым ліку ў росце нацыяналістычных і папулісцкіх рухаў. Беларуская дэлегацыя з 6 па 8 верасня 2017 г. прыме ўдзел у дыскусіі на тэму “Крызіс як шанс для Еўропы. Уклад Касцёла”, мэтай якой стане высвятленне прычын незадаволенасці многіх людзей на Старым Кантыненце і пошук шляхоў вырашэння гэтай праблемы. 

Ці існуе еўрапейскі фундамент каштоўнасцяў, да якога варта вяртацца? Які ўклад можа ўнесці Касцёл? – такімі пытаннямі задаецца ў кантэксце Кангрэсу арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які ўзначаліў дэлегацыю Касцёла ў Беларусі.

“Па-першае трэба сказаць, што праблема крызісу ў Еўропе вельмі актуальная. Аспекты гэтага крызісу розныя: фінансавыя, эканамічныя, палітычныя, звязаныя з міграцыяй; але ёсць яшчэ і духоўны крызіс, пра што часта забываюцца. Крызіс – гэта як хвароба: калі б мы не адчувалі болю, то жылі б сабе далей без усведамлення катастрофы, якая набліжаецца. Еўрапейскі крызіс трэба ўспрымаць як боль, каб быць у стане выкарыстаць гэту сітуацыю. Мне здаецца, што Касцёл павінен дапамагчы Еўропе абудзіцца са сну, каб вярнуцца да хрысціянскіх каранёў. І тут Касцёлы ва Усходняй Еўропе, у прыватнасці ў Беларусі, могуць вельмі моцна дапамагчы сваім сведчаннем”, - лічыць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Сярод запрошаных на Кангрэс – навуковы супрацоўнік Аддзялення усходне-еўрапейскай гісторыі Універсітэта Іагана Гутэнберга ў Майнцы, доктар Алена Альшанская. Эксперт, якая паходзіць з Беларусі, падкрэсліла складаную пазіцыю Рускай Праваслаўнай Царквы адносна працэсаў, якія адбываюцца ў краінах Еўрапейскага Саюзу.

“Адназначна станоўчым я лічу існаванне ў Брусэлі Камітэту праваслаўных прадстаўнікоў пры Еўрасаюзе. Ён быў заснаваны ў 2010 г. пры ўдзеле пяці Праваслаўных Цэркваў: Румынскай, Грэчаскай, Канстантынопальскай, Рускай і Кіпрскай. Хоць яны і маюць разнастайнае ўяўленне адносна Еўропы і яе праблем, па-рознаму рэагуюць на выклікі, якія ўзнікаюць у Еўрапейскім Саюзе, усё ж імкнуцца сфарміраваць нейкі агульны “праваслаўны” падыход да Еўропы. Гэта спроба прафесійнага, спецыялізаванага і дыферэнцыраванага падыходу. Спадзяюся, што ў рамках гэтага Камітэту Руская Праваслаўная Царква будзе гатовая пачуць галасы іншых Праваслаўных Цэркваў, скаардынаваць сваю пазіцыю і прапанаваць больш непрадузяты погляд на Еўропу”, - сказала Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё гісторык.

Касцёл нясе адказнасць за сучасную і будучую карціну Еўропы, нагадаў папа Францішак ўдзельнікам міжнароднага форуму. “Еўропа стамілася. Мы павінны дапамагчы ёй аднавіць сілы, знайсці свае карані. Яна выраклася сваіх каранёў”, - напісаў ён у спецыяльнай тэлеграме. Задача і адказнасць Касцёла, “прывесці людзей да гэтых каранёў, якія чэрпаюць сваю сілу ад Хрыста”. Хрысціяне павінны як жывыя сведкі свайго Бога, аднавіць душу Еўропы, перакананы Пантыфік.

Сваё прывітальнае слова да ўдзельнікаў экуменічнага Кангрэсу скіравалі не толькі рэлігійныя лідэры, але і вядучыя палітыкі Еўропы, у тым ліку Жан-Клод Юнкер, старшыня Еўрапейскай Камісіі, і Ангела Меркель, Канцлер Германіі. Кіраўнік нямецкага ўраду лічыць, што Цэрквы з'яўляюцца цэнтральнымі партнёрамі ў будаванні Еўропы.

На працягу бліжэйшых трох дзён біскупы, святары, вернікі разам з запрошанымі на Кангрэс “Renovabis” экспертамі з Усходу і Захаду паспрабуюць знайсці адказы на пытанні адносна будучыні Еўропы і месца Касцёла ў ёй.








All the contents on this site are copyrighted ©.