2017-09-07 17:10:00

Пантыфік сустрэўся з істэблішментам Калумбіі


Толькі з верай і надзеяй можна пераадолець шматлікія цяжкасці на шляху будавання краіны, каб яна стала Айчынай і домам для ўсіх жыхароў Калумбіі, сказаў Францішак падчас сустрэчы з прадстаўнікамі дзяржаўных і рэлігійных уладаў, дыпламатамі, бізнесменамі, грамадскімі і культурнымі дзеячамі гэтай краіны. Яна прайшла 7 верасня 2017 г. у дворыку Прэзідэнцкага палацу, у гістарычным цэнтры Багаты. 

Папа звярнуўся да сабраных з прамовай, у якой нагадаў аб прыродным і культурным багацці Калумбіі, гасціннасці, дабрыні і мужнасці яе жыхароў. Ён высока ацаніў намаганні, якія былі прыкладзены для завяршэння грамадзянскага канфлікту і заклікаў пазбягаць спакусы помсты і пошуку прыватных і кароткатэрміновых інтарэсаў. “Чым складаней з’яўляецца шлях, што вядзе да міру і паразумення, тым больш высілкаў мы павінны прыкладаць, каб прызнаць іншага, залячыць раны і будаваць масты, умацоўваючы сувязі і дапамагаючы адзін аднаму”, - падкрэсліў ён.

Спасылаючыся на словы дэвізу краіны – “Свабода і парадак” – Папа адзначыў, што яе грамадзяне павінны карыстацца павагай да сваёй свабоды і быць абароненымі праз стабільны дзяржаўны лад. Мірнае суіснаванне павінна гарантавацца “не законам мацнейшага, а моцай закону” – справядлівага, здольнага забяспечыць згоду і дапамагчы пераадолець канфлікты, якія знішчалі краіну на працягу дзесяцігоддзяў. Крыніцай законаў, па словах Францішка, павінна быць не прагматычная патрэба ва ўпарадкаванні грамадства, а жаданне вырашыць структурныя прычыны беднасці, якія ствараюць адчужэнне і насілле. “Не забывайма, што несправядлівасць – гэта корань сацыяльных нястачаў”, - сказаў ён.

Асаблівую ўвагу Святы Айцец звярнуў на важнасць таго, каб у жыцці грамадства прымалі ўдзел усе яго члены, а не толькі “чыстакроўныя”. “Веліч і прыгажосць краіны у тым, што ўсе ў ім прыняты і важныя. Багацце ў разнастайнасці”, - сказаў Папа і заклікаў прадстаўнікоў калумбійскіх эліт быць уважлівымі да самых слабых і ўразлівых слаёў грамадства, цаніць ролю жанчын у жыцці супольнасці, клапаціцца пра сем’і і пакутуючых.

У апошняй частцы сваёй прамовы Францішак працытаваў Нобелеўскую прамову калумбійскага пісьменніка Габрыэля Гарсіі Маркеса: “Нашым адказам на падаўленне, рабаванне і самотнасць будзе вера ў жыццё. Ні патоп, ні пошасць, ні голад, ні стыхійныя бедствы, ні нават войны, якія працягваюцца стагоддзямі, не здолелі забраць у жыцця яго перавагу над смерцю. І гэта перавага пастаянна расце”. Такім чынам магчыма – працягвае пісьменнік – “новая і ўсёпераможная ўтопія жыцця, дзе ніхто не вырашае за іншых, што і як ім рабіць, дзе любоў будзе шчырай, а шчасце – сапраўдным, і дзе людзям, асуджаным на сто гадоў адзіноты, будзе дадзены яшчэ адзін шанс у зямным жыцці”, нагадаў словы нобелеўскага лаўрэата Папа.

Святы Айцец далучыўся да жадання калумбійцаў пакласці канец насіллю. “Я пажадаў прыбыць сюды, каб сказаць вам, што вы не адзінокія, што нас, жадаючых суправаджаць вас на шляху, шмат. Гэта падарожжа прагне быць для вас стымулам, унёскам, які крыху выпрастае шлях да прымірэння і супакою”, - сказаў ён. 

Пасля звароту да палітычных і грамадскіх лідэраў, Святы Айцец правёў прыватную сустрэчу з прэзідэнтам Калумбіі Хуанам Мануэлем Сантасам Кальдэронам. Затым ён накіраваўся ў мясцовы катэдральны касцёл, каб памаліцца перад абразом Маці Божай з Чыкінкіры – апякункі гэтай лацінаамерыканскай краіны.








All the contents on this site are copyrighted ©.