2017-09-07 19:07:00

Папа да калумбійскай моладзі: вучыце міру і прабачэнню


“Моладзь – гэта надзея Калумбіі і Касцёла”, - сказаў Святы Айцец падчас сустрэчы з маладымі калумбійскімі вернікамі. Яна прайшла 7 верасня 2017 г. на плошчы перад Кардынальскім палацам у Багаце – рэзідэнцыяй мясцовага арцыбіскупа. Прывітаць Папу сюды прыбылі каля 22 тыс. юнакоў і дзяўчат з розных частак краіны.

Пантыфік заклікаў моладзь не дазволіць пазбавіць сябе радасці і не баяцца змяняць грамадства, у якім яна жыве. “Не бойцеся будучыні! Асмельвайцеся марыць аб вялікіх справах!”, - падкрэсліў ён.

Святы Айцец адзначыў, што моладзь можа многаму навучыць старэйшыя пакаленні. Ён звярнуў увагу на важнасць яе здольнасці заўважаць пакуты людзей. Пантыфік заклікаў юнакоў і дзяўчат не станавіцца абыякавымі і клапаціцца аб сваіх церпячых суайчынніках, у тым ліку дапамагаць пажылым людзям, каб не прызвычайваліся да болю і пакінутасці.

“Цудоўнай і канструктыўнай”, на думку Папы, з’яўляецца здольнасць моладзі разумець, што за памылкай – якая заўсёды застаецца такой – прысутнічае бясконцасць прычын і абставінаў. У сувязі з гэтым ён заахвоціў сваіх суразмоўцаў спрыяць паразуменню ў краіне, вучыць культуры сустрэчы і прабачэнню. 

Пантыфік заклікаў новыя пакаленні калумбійцаў “заразіць” краіну надзеяй, здольнай даваць іншым другі шанс. Толькі так, на яго думку, можна ўбачыць яе глыбей, не толькі праз прызму газетных загалоўкаў і штодзённых турбаванняў. “Колькі прыроднай прыгажосці, якую можна сузіраць без патрэбы эксплуатаваць яе! Колькі моладзі, такой як вы, патрабуе вашай працягнутай рукі, вашага пляча, каб убачыць лепшую будучыню!”, - падкрэсліў Папа.

На заканчэнне прамовы Францішак пажадаў усім жыхарам Калумбіі не паддавацца цяжкасцям і не дазволіць злу перамагчы сябе, а давяраючы Богу спрыяць будаванню больш справядлівага, стабільнага і плённага грамадства, а таксама прымірэнню і супакою. 

Пасля звароту да моладзі Святы Айцец накіраваўся на сустрэчу з калумбійскімі біскупамі. Затым ён звернецца да кіраўніцтва Рады Біскупскіх Канферэнцый Лацінскай Амерыкі і будзе цэлебраваць св. Імшу ў сталічным парку імя Сімона Балівара.








All the contents on this site are copyrighted ©.