2017-09-07 23:02:00

Францішак да біскупаў: не быць кастай функцыянераў


Касцёл у Калумбіі пакліканы спрыяць прымірэнню ў краіне, адмаўленню ад насілля, перамозе над няроўнасцю – крыніцай шматлікіх пакутаў, і карупцыяй, адзначыў Францішак падчас сустрэчы з епіскапатам гэтай краіны, якая прайшла 7 верасня 2017 г. у Багаце. 

Святы Айцец спаслаўся на дэвіз свайго падарожжа – "Зробім першы крок". Ён нагадаў, што Бог з'яўляецца сапраўдным "Панам першага кроку", як паказвае Біблія, і дорыць тым, хто Яго прымае, дар "свабоды заўсёды рабіць першы крок". Шукайце адзінства з Езусам у малітве і не будзьце "кастай функцыянераў,  што скараюцца перад дыктатурай бягучага моманту", заклікаў Пантыфік.

Папа заахвоціў біскупаў захоўваць непаўторнасць адметных і маючых права на існаванне сіл у Калумбіі, душпастырскую чуллівасць, рэгіянальныя асаблівасці, гістарычную памяць, багаце асобных касцёльных досведаў. "Для гэтага імкніцеся да еднасці паміж сабой. Нястомна будуйце яе праз шчыры і братэрскі дыялог, асуджаючы як заразу, таемныя задумы. Імкніцеся рабіць першы крок адзін да аднаго", - сказаў Святы Айцец.

Паводле Францішка, біскупы павінны "дакрануцца да параненага цела" гісторыі сваёй краіны і народу. "Вы не з'яўляецеся ні "тэхнікамі", ні палітыкамі. Вы – пастыры", і ў сілу гэтага павінны свабодна абвяшчаць слова прымірэння і міласэрнасці, дадаў ён.

"З вашых вуснаў законных пастыраў Хрыста, якімі вы з'яўляецеся, Калумбія мае права быць спытанай аб праўдзе Бога, які пастаянна паўтарае: "Дзе брат твой?". Гэта пытанне, якое не можа замоўчвацца, нават калі той, хто яго слухае, не можа зрабіць інакш, чым схіліць позірк у разгубленасці і мямліць аб уласным сораме за тое, што прадаў яго, магчыма за кошт некалькіх дозаў наркотыкаў ці памылковага разумення інтарэсаў дзяржавы, або фальшывага меркавання, што мэта апраўдвае сродкі", - сказаў Папа.

У душпастырскай дзейнасці Святы Айцец заклікаў біскупаў заўсёды трымаць позірк на канкрэтным чалавеку, клапаціцца аб сем'ях, бараніць жыццё, памятаць пра праблему насілля і алкагалізму, "кволасць сужэнскай повязі і адсутнасць айцоў у сем'ях, з яе трагічнымі наступствамі небяспекі і сіроцтва". Ён узгадаў пра вялікую колькасць моладзі, якая запаўняе ўнутраную пустату наркотыкамі, легкадумным ці бунтарскім ладам жыцця.

Напрыканцы сваёй прамовы Папа звярнуў увагу на праблемы навакольнага асяроддя. Амазонія, на яго думку, гэта лакмусавая паперка, каб праверыць ці наша грамадства, амаль заўсёды матэрыялістычнае і прагматычнае, здольнае захаваць тое, што атрымала бясплатна, але не для таго, каб гэта знішчыць, а каб зрабіць урадлівым.








All the contents on this site are copyrighted ©.