2017-09-08 15:50:00

Папа беатыфікаваў мучанікаў грамадзянскай вайны ў Калумбіі


Францішак абвясціў благаслаўлёнымі двух мучанікаў грамадзянскай вайны ў Калумбіі: біскупа Хэзуса Эміліа Хараміліа Мансальвэ, пастыра дыяцэзіі Араўка, і дыяцэзіяльнага святара Пэдра Марыя Раміраса Рамаса, забітых баевікамі ўзброеных радыкальных груповак. Беатыфікацыйную св. Імшу ён узначаліў 8 верасня 2017 г. у горадзе Вільявісэнсія, які знаходзіцца ў 75 км на паўднёвы ўсход ад Багаты. У 1948 г. тут выбухнула паўстанне, якое стала прэлюдыяй да 50-гадовага крывавага супрацьстаяння.

Літургія прайшла на лацінскай і іспанскай мовах. У ёй прынялі удзел шматлікія прадстаўнікі карэнных народаў, якія пражываюць у рэгіёне, і ахвяры братазабойчага канфлікту. Пасля беатыфікацыйных абрадаў і чытання біблійных літургічных тэкстаў Папа звярнуўся да сабраных з гаміліяй. 

Спасылаючыся на свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, якое адзначаецца ў Касцёле, ён заўважыў, што “Марыя – гэта першае ззянне, якое абвяшчае канец ночы і, у першую чаргу, блізкае наступленне дня”. 

Каментуючы евангельскі ўрывак, у якім прадстаўляецца генеалогія Езуса Хрыста, Папа падкрэсліў, што тут узгадваюцца жанчыны, ніводная з якіх не належала да іерархіі вялікіх жанчын Старога Запавету. Яны “абвяшчаюць, што па венах Езуса бяжыць язычніцкая кроў”, і нагадваюць пра “гісторыі маргіналізацыі і падпарадкавання”. У грамадствах, дзе дагэтуль застаюцца патрыярхальныя і прыніжаючыя жанчын паводзіны, вельмі карысна казаць, што Евангелле пачынаецца, паказваючы жанчын, якія вызначалі тэндэнцыю і рабілі гісторыю, дадаў ён.

Перад абліччам відавочнага ў сучасным свеце псіхалагічнага, вербальнага і фізічнага насілля ў адносінах да жанчын, Папа ўказаў на постаць св. Юзафа, як “паважлівага, далікатнага мужчыны, які нават не валодаючы паўнатой інфармацыі, прыняў рашэнне на карысць рэпутацыі, годнасці і жыцця Марыі”. 

Святы Айцец падкрэсліў, што ў Калумбіі таксама можна складаць генеалогіі поўныя гісторый, любові, святла, але і сутыкненняў, крыўдаў і нават смерці. “Колькі з вас можа распавесці пра досвед выгнання і спусташэння!”, - адзначыў ён і заклікаў калумбійцаў напоўніць святлом Евангелля гісторыі граху, насілля і супрацьстаяння, каб сказаць “так” праўдзе, дабрыні і прымірэнню.

Прымірэнне – гэта не абстрактнае слова. “Прымірыцца значыць расчыніць дзверы ўсім і кожнаму чалавеку, які перажыў драматычную рэальнасць канфлікту. Калі ахвяры перамагаюць зразумелую спакусу помсты, становяцца найбольш пераканаўчымі галоўнымі дзеючымі асобамі працэсаў будавання міру. Трэба каб усе мелі адвагу зрабіць першы крок у гэтым кірунку, не чакаючы пакуль яго зробяць іншыя. Дастаткова аднаго чалавека, каб з’явілася надзея! Кожны з нас можа быць гэтым чалавекам!”, - сказаў Папа і дадаў, што гэта не азначае затойвання адметнасцяў і канфліктаў, а таксама легітымізацыю прыватнай ці структурнай несправядлівасці. 

“Прымірэнне канкрэтызуецца дзякуючы ўкладу ўсіх, яно дазваляе будаваць будучыню і расці надзеі. Кожнае намаганне на карысць міру без шчырага жадання прымірэння будзе няўдачным”, - дадаў Святы Айцец і заклікаў калумбійцаў прымірыцца не толькі паміж сабой і з Богам, але таксама з навакольным асяроддзем.

Пасля літургіі Папа прывітаў 10 чалавек, якія пацярпелі ад красавіцкага сыходу апоўзня ў горадзе Макоа, на паўднёвым захадзе краіны. Вечарам у Вільявісэнсіі ён прыме ўдзел у Вялікім малітоўным сходзе аб нацыянальным прымірэнні.








All the contents on this site are copyrighted ©.