cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Падарожжы і візіты

Пантыфік: спыніць насілле ў палітычным жыцці Венесуэлы

Папа: спыніць насілле ў палітычным жыцці Венесуэлы - AFP

10/09/2017 22:12

Папа Францішак заклікаў да мірнага вырашэння трагічнай сітуацыі ў Венесуэле. З адмысловымі словамі ён звярнуўся 10 верасня 2017 г. пасля малітвы “Анёл Панскі”, якую правёў з калумбійскімі вернікамі перад касцёлам св. Пэдра Клавэра ў Картахене.

“З гэтага месца хачу запэўніць у маёй малітве за ўсе дзяржавы Лацінскай Амерыкі, асабліва за cуседнюю Венесуэлу. Выказваю маю блізкасць усім сынам і дочкам гэтай умілаванай краіны, а таксама тым, хто знайшоў прытулак на калумбійскай зямлі. З гэтага гораду, сядзібы правоў чалавека, заклікаю, каб спынілася ўсялякае насілле ў палітычным жыцці і было знодзейна рашэнне для цяжкога крызісу, які працягваецца і закранае ўсіх, асабліва самых бедных і абдзеленых членаў грамадства”, - пажадаў Папа. 

Перад малітвай “Анёл Панскі” Святы Айцец прадставіў вернікам два прыклады. Першы – гэта Марыя Рамас, простая жанчына, якая вярнула годнасць і належную пашану абразу Маці Божай з Чыкінкіры, апякункі Калумбіі, што на працягу доўгага часу знаходзіўся ў забыцці і занядбанні. “Такім чынам яна стала парадыгмай для ўсіх, хто рознымі спосабамі імкнецца вярнуць годнасць брату, які ўпаў ад болю жыццёвых ранаў”, - сказаў Папа.

Пантыфік падкрэсліў таксама, што “Пан вучыць нас праз прыклад пакорных людзей і тых з кім не лічацца”. “Гэта бедныя, пакорныя сузіраюць прысутнасць Бога, яны тыя, каму з найбольшай яснасцю адкрываецца Божая любоў. Яны, бедныя і простыя, былі першымі хто ўбачыў Панну з Чыкінкіры і сталі Яе місіянерамі, вястунамі прыгажосці і святасці Панны”, - дадаў ён.

Іншы прыклад, які прывёў Францішак – гэта св. Пэдра Клавэр, езуіт, місіянер і апостал чорнаскурых рабоў. Яму часта даводзілася прапаведаваць Добрую Навіну сярод нявольнікаў з дапамогай евангелізацыйных жэстаў, паколькі ён не ведаў іх моваў. Аднак гэты святы ведаў, што мову любові і міласэрнасці змогуць зразумець усе. Любоў дапамагае зразумець праўду, а праўда патрабуе жэстаў любові, сказаў Папа і дадаў, што св. Клавэр засведчыў, якую адказнасць і ўвагу ўсе павінны мець да сваіх братоў.

На заканчэнне Пантыфік нагадаў, што таксама і сёння ў Калумбіі і ва ўсім свеце ёсць людзі, якія прадаюцца як рабы, або просячы крыху чалавечнасці, хвіліну спагады, адпраўляюцца ў мора ці шлях, бо згубілі ўсе, пачынаючы з годнасці і правоў. Папа заклікаў працаваць дзеля вяртання годнасці гэтых братоў, асабліва бедных і адчужаных грамадствам, пакінутых, эмігрантаў, ахвяраў насілля і гандлю людзьмі.


10/09/2017 22:12