2017-09-10 08:42:00

Пантыфік да духавенства: глядзець на рэальнасць вачыма Езуса


Сапраўднае пакліканне заключаецца ў тым, каб заўсёды заставацца ў еднасці з Хрыстом, сказаў Францішак падчас сустрэчы са святарамі, кансэкраванымі асобамі, семінарыстамі і іх сем’ямі. Яна прайшла 9 верасня 2017 г. на тэрыторыі стадыёну “La Macarena” у Медэльіне.

Звяртаючыся да сабраных Папа падкрэсліў, што “знаёмства з Езусам – гэта самы цудоўны падарунак, які чалавек можа атрымаць”. “Сустрэча з Ім стала лепшым, што магло здарыцца ў нашым жыцці; а знаёмства з Ім іншых людзей праз словы і справы – гэта радасць для нас”, - працытаваў Францішак словы заключнага дакументу генеральнай асамблеі лацінаамерыканскіх епіскапатаў, якая прайшла ў 2007 г. у бразільскай Апарэсідзе.

Папа заўважыў, што “там дзе ёсць жыццё, руплівасць, жаданне несці Хрыста іншым, там нараджаюцца сапраўдныя пакліканні”. Братэрскае і актыўнае жыццё супольнасці – гэта тое, што абуджае жаданне цалкам прысвяціць сябе Богу і евангелізацыі. 

Святы Айцец звярнуў увагу на існаванне вялікай колькасці моладзі, якая аб’ядноўваецца дзеля вырашэння розных сацыяльных праблем. Калі яны робяць гэта з любові да Езуса, адчуваючы сябе часткай грамадства, становяцца “пасланнікамі веры”, шчаслівымі, што маюць магчымасць несці Хрыста на кожную вуліцу, кожную плошчу, у кожны куток зямлі, дадаў ён.

У той жа час Папа падкрэсліў, што пакліканні паміраюць, калі іх мэтай становіцца пошук ушанаванняў, спакойнага жыцця, больш высокага сацыяльнага статуса, матэрыльнага дабрабыту. Францішак нагадаў, што д’ябал уваходзіць у душу чалавека праз кашалёк. Мы ўсе павінны быць пільнымі, бо карумпаванасць уваходзіць у сэрца чалавека паступова, затым пускае ў ім карані і нарэшце прыводзіць яго да аддалення Бога са свайго жыцця, сказаў ён.

Францішак заклікаў духоўных асобаў, заставацца ў адзінстве з Хрыстом, глядзечы Ягонымі вачыма і з Ягонымі пачуццямі на рэальнасць. Гэта значыць, не як суддзі, а як Добрыя Самаране; прызнаючы каштоўнасці народу, з якім пілігрымуюць, а таксама ягоныя раны і грахі; ведаючы пра маўклівыя пакуты і ўзрушваючыся перад абліччам патрэбаў людзей, асабліва калі яны сталі ахвярамі несправядлівасці, нечалавечай беднасці, абыякавасці, карупцыі і насілля.

Важна таксама наследаваць словы і жэсты Езуса, якія выражаюць любоў да блізкіх і пошук тых, хто далёка; спагаду, рашучасць у асуджэнні грахоў і абвяшчэнні Евангелля; радасць і шчодрасць у прысвячэнні сябе служэнню, асабліва самым малым.

Святы Айцец падкрэсліў важнасць вучобы для духоўных асобаў, каб умацоўвалася іх знаёмства з Хрыстом, бо як кажа св. Аўгустын, немагчыма любіць таго, каго не ведаеш. У першую чаргу гэта знаёмства павінна адбывацца праз чытанне Святога Пісання, з якога Езус прамаўляе да нас, адкрывае сваю безумоўную любоў і заражае радасцю, што абуджае паслухмянасць Ягонай волі і жаданне служыць братам. “Няхай уся наша вучоба дапаможа нам быць здольнымі інтэрпрытаваць рэальнасць вачыма Бога”, - пажадаў ён.

Пантыфік нагадаў, што фундаментальнай часткай жыцця духоўнай асобы і яе апостальскай працы з’яўляецца малітва, якая пазбаўляе ад баласту марнасці, вучыць жыць у радасці, трымацца далёка ад павярхоўнасці і быць свабоднымі. Малітва пазбаўляе нас ад схільнасці засяроджвацца на сябе, якая хаваецца за досведам пустой рэлігійнасці, сказаў Папа і падкрэсліў важнасць маўклівай адарацыі.

Сустрэча з сустрэчы са святарамі, кансэкраванымі асобамі, семінарыстамі і іх сем’ям стала апошнім пунктам праграмы прабывання Францішка ў Медэльіне, пасля чаго ён вярнуўся ў Багату.








All the contents on this site are copyrighted ©.