2017-09-10 07:29:00

Папа: пакуты дзяцей выклікаюць боль у душы


Нельга дапусціць, каб дзеці падвяргаліся насіллю, каб былі пазбаўлены права на спакойнае і радаснае дзяцінства, а таксама надзеі на будучыню, падкрэсліў Францішак 9 верасня 2017 г. падчас візіту ў каталіцкі дзіцячы прытулак – Цэнтр св. Юзафа ў Медэльіне.

У сустрэчы з Папам прынялі ўдзел каля 300 маленькіх гасцей структуры, многія з якіх спазналі жах насілля крывавага калумбійскага канфлікту. Дзеці цёпла віталі Святога Айца – адна дзяўчынка зрабіла яму знак крыжа, хлопчык – адзеў браслет на руку, яшчэ адзін – абняў і моцна прытуліўся.

Францішак выслухаў сведчанне 13-гадовай Клаўдыі Есеніі Гарсіі Рамірэс. Яна распавяла, як у віры грамадзянскай вайны баевікі паранілі яе і забілі яе бацькоў. У сям’і было дзясяць дзяцей ад двух да васьмі гадоў – усе яны патрапілі ў  Цэнтр св. Юзафа. Тут сіроты змаглі знайсці новую сям’ю і залячыць свае раны – не толькі цялесныя, але і духоўныя. Сёння дзяўчынка марыць стаць настаўніцай, каб вучыць тым каштоўнасцям, якім навучылася сама ў каталіцкім прытулку.

Папа падзякаваў ёй за мужнае сведчанне і сказаў, што думае пра шматлікіх нявінных ахвяр ва ўсім свеце, якія церпяць ад злобы некаторых людзей. Ён прызнаўся, што пакуты дзяцей выклікаюць боль у душы.

Таксама і Дзіцятка Езус быў “ахвярай нянавісці і пераследу”, быў вымушаны ўцяцаць са сваёй сям’ёй, пакінуць свой родны дом і зямлю. Але Езус, запэўніў Папа, не пакідае нікога, асабліва дзяцей, якія з’яўляюцца Яго ўмілаванымі.

Францішак назваў Цэнтр св. Юзафа доказам любові Хрыста да дзяцей і Яго жадання быць разам з імі праз уважлівы клопат добрых людзей, якія тут працуюць. Пантыфіку спадабалася, што структура носіць імя абранніка Маці Божай. “Вы ў добрых руках”, - сказаў ён.

Звяртаючыся да законнікаў і свецкіх вернікаў, якія ў розных сацыяльных структурах Медельіна клапоцяцца пра дзяцей, што з самага маленства спазналі боль і пакуты, Францішак нагадаў пра дзве рэчы, у якіх не павінна быць недахопу, бо яны з’яўляюцца часткай хрысціянскай тоеснасці: любові, здольнай бачыць Хрыста ў самых малых і слабых, і святога абавязку вядзення дзяцей да Езуса.

Пасля візіту ў Цэнтр св. Юзафа ў Медэльіне Пантыфік накіраваўся на сустрэчу са святарамі, кансэкраванымі асобамі, семінарыстамі і іх сем’ямі, якая прайшла на мясцовым стадыёне.








All the contents on this site are copyrighted ©.