2017-09-11 17:04:00

Францішак адказаў на пытанні журналістаў


Шляхетным народам, які не баіцца выражаць і паказваць тое, што адчувае назваў папа Францішак калумбійцаў 11 верасня 2017 г. у размове з журналістамі падчас пералёту з Картахены ў Рым. Гэтымі словамі Святы Айцец пачаў традыцыйную прэс-канферэнцыю на борце самалёту на заканчэнне свайго Апостальскага падарожжа ў Калумбію. Ён адказваў на пытанні на працягу амаль 40 хвілін, пакуль размове не перашкодзіла турбулентнасць.

Першае тычылася сітуацыі ў гэтай лацінамерыканскай краіне, падзеленай на прыхільнікаў і праціўнікаў мірнай дамовы, заключанай паміж уладамі і паўстанцамі. Святы Айцец назваў партызанскую вайну “хваробай”, якая пасеяла шмат нянавісці ў сэрцах людзей. Але ёсць таксама крокі, якія даюць надзею. У прыватнасці Папа падзякаваў групоўцы “Армія нацыянальнага вызвалення” (ELN), якая нягледзячы на тое, што не прымае ўдзелу ў мірным працэсе, аб’явіла перамір’е. 

“Я заўважыў жаданне ісці наперад, якое выходзіць за рамкі трываючых перамоваў. Спантанню сілу”, - сказаў Пантыфік. На яго погляд калумбійцы прагнуць міру і трэба дапамагчы ім блізкасцю і малітвай. Затым Францішак заўважыў, што мірны працэс будзе больш эфектыўным, калі яго возьме ў свае рукі народ, а не толькі будуць весціся перамовы на ўзроўні палітыкаў, тэхнічных выканаўцаў і ААН.

Адно з пытанняў тычылася лёгкага здарэння ў Картахене, у выніку якога Святы Айцец рассёк сабе броў і атрымаў гематому на шчацэ. Пантыфік коратка адказаў, што знаходзячыся ў папамабіле нахіліўся, каб прывітаць дзяцей і, незаўважыў шкло, ударыўся аб яго.

У сувязі з ураганам, які абрынуўся на астравы Карыбскага мора і паўднёвую частку ЗША, гаворка ішла аб уплыве чалавека на кліматычныя змены. Папа нагадаў пра маральную адказнасць усіх за тое, што адбываецца з планетай, уключаючы палітыкаў. Навукоўцы ясна гавораць пра чалавечы фактар і трэба адносіцца да гэтай праблемы сур’ёзна, лічыць ён.

Журналісты папрасілі Святога Айца пракаментаваць рашэнне цяперашняй адміністрацыі Белага Дому адмяніць прынятыя папярэднікамі законы, якія баранілі нелегальных непаўналетніх мігрантаў. Ён прызнаўся, што не знаёмы з усімі дэталямі гэтай справы і выказаў спадзяванне, што ўрад перадумае.

Папа заўважыў, што Дональд Трамп пазіцыянуе сябе як чалавек “pro-life”. “Калі ён добры абаронца жыцця, то разумее, што сям’я – гэта калыска жыцця і трэба бараніць яе адзінства”, бо калі моладзь пазбаўляецца каранёў, пачынае шукаць жудаснага выйця ў наркотыках, залежнасцях і самагубствах, лічыць Пантыфік.

Гаворачы аб крызісе ў Венесуэле Францішак прызнаўся, што яго ў першую чаргу непакоіць гуманітарная праблема. “Шмат людзей уцякае і церпіць. Мы павінны дапамагчы вырашыць сітуацыю любым чынам. Думаю, што ААН павінна ўзняць свой голас, каб дапамагчы”, - сказаў журналістам Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.