2017-09-14 09:34:00

Папа сустрэўся з вызваленым з палону тэрарыстаў святаром


Францішак прыняў на прыватнай аўдыенцыі кс. Тома Ажаналіла, індыйскага святара, які быў выкрадзены тэрарыстамі ў сакавіку 2016 г., пасля нападу на прытулак Сясцёр Маці Тэрэзы ў горадзе Адэн, у паўднёвай частцы Емену.

Сустрэча прайшла 13 верасня 2017 г. у ватыканскім Доме св. Марты – цяперашняй рэзідэнцыі Пантыфіка. Кс. Ажаналіл схіліўся да ног Святога Айца, але Папа адразу ж дапамог яму падняцца і пацалаваў яму рукі. Францішак запэўніў салезіяніна, што працягне маліцца з яго, як рабіў гэта падчас яго знаходжання ў няволі, паведамляе ватыканскае выданне “L’Osservatore Romano”.

Святар, у сваю чаргу, падзякаваў Пантыфіку і прызнаўся, што таксама штодзённа маліўся за яго, ахвяруючы свае пакуты за Папу і Касцёл. Ён распавёў, што ў няволі не меў магчымасці цэлебраваць Эўхарыстыю, але ў сваім сэрцы штодзённа паўтараў словы цэлебрацыі. Місіянер запэўніў, што будзе працягваць маліцца за ўсіх, хто на працягу гэтага перыяду быў блізка да яго духоўна, а таксама за 16 чалавек, забітых тэрарыстамі падчас нападу на прытулак.

За спрыянне ў вызваленні салезіяніна, якое адбылося 12 верасня 2017 г., Апостальская Сталіца падзякавала асабіста Султану Амана і уладам гэтай дзяржавы. Кс. Ажаналіл яшчэ некалькі дзён прабудзе ў Рыме, каб прайсці неабходны медыцынскі агляд.








All the contents on this site are copyrighted ©.