2017-09-15 14:16:00

Папа да вандроўных артыстаў: Богу падабаецца чыстая радасць


Дзе ёсць простая і чыстая радасць, там ёсць след Бога, заўважыў Папа падчас аўдыенцыі для членаў італьянскай Нацыянальнай асацыяцыі вандроўных артыстаў (Associazione Nazionale Esercenti dello Spettacolo Viaggiante). Сустрэча прайшла 15 верасня 2017 г. у Ватыкане. У ёй прынялі ўдзел каля 120 чалавек. 

Пантыфік прызнаўся, што добра ведае, якія цяжкасці вандроўныя артысты і іх сем’і сустракаюць падчас пастаяннага перамяшчэння з аднаго месца ў іншае і пошуку адпаведанага для правядзення тэатральна-цыркавых мерапрыемстваў месца. Акрамя таго, грамадства не заўсёды цэніць сацыяльнае значэнне іх дзейнасці. “Не апускайце рукі, працягвайце ваш шлях, каб нашы гарады і вёскі не страцілі смаку той унікальнай прыгажосці, уласцівай вашай прысутнасці, вашаму мастацтву, вашай радасці”, - сказаў ён.

Папа заклікаў вандроўных акцёраў заўсёды захоўваць веру і давер да Божага Провіду, а таксама выкарыстоўваць парафіі, якія сустракаюць на сваім шляху, у якасці “духоўнага прыстанку”, каб духоўна ўмацавацца там праз Эўхарыстыю і іншыя сакрамэнты, атрымаць параду ці братэрскую дапамогу. “Таму жадаю, каб паміж вашымі вандруючымі і парафіяльнымі супольнасцямі заўсёды была адкрытасць, сустрэча, жаданне пазнаваць адзін аднаго і раздзяляць хвіліны жыцця і малітвы”, - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік назваў вандроўных артыстаў “рамеснікамі свята, захаплення і прыгажосці, пакліканымі ўмацоўваць пачуццё надзеі і даверу”. “Сапраўды, пакліканне вашага жыцця – гэта радасць. Я думаю, што, калі паглядзець на вытокі вашага занятку, вашых “караванаў”, то там заўсёды можна ўбачыць кагосьці – дзядулю, бабулю, прадзядулю – хто, захапіўшыся такога тыпу прадстаўленнямі, адчуў радаснае пакліканне і гатоўнасць да такіх вялікіх ахвяр. Гэта пакліканне, якое адразу стала місіяй: місіяй, якая заключаецца ў тым, каб несці людзям – дзецям, а таксама дарослым і пажылым – магчымасць здаровых і чыстых забаў”, - падкрэсліў Папа. 

Перш чым удзяліць сваім гасцям благаслаўленне, Францішак заклікаў іх захоўваць свае каштоўнасці, натуральнасць і прастату, каб быць сапраўднымі пасланнікамі радасці, якая падабаецца Богу, і якая паходзіць ад Яго.

Італьянская Нацыянальная асацыяцыя вандроўных артыстаў была заснавана ў 1968 г. Яна аб’ядноўвае супрацоўнікаў вандроўных цыркаў, лунапаркаў, лялечных тэатраў.








All the contents on this site are copyrighted ©.