2017-09-15 15:37:00

Святы Пасад у ААН пра ўсеагульны доступ да вады


У Жэневе місія Пастаяннага назіральніка Святога Пасаду пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый выступіла суарганізатарам канферэнцыі “аб праве чалавека да бяспечнай пітной вады і санітарыі”. Яна прайшла 14 верасня 2017 г. пры ўдзеле кардынала Пітэра Тарксана, прэфекта Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. 

Права на ваду не можа быць аддзелена ад права на жыццё, падкрэсліў ватыканскі іерарх і дадаў, што цікавасць Касцёла да гэтай тэмы звязана з тым, што вада неаддзельная ад жыцця. “Калі хто-небудзь хоча пазбавіць вас паветра, гэта стане спосабам забіць вас”, калі паветра з’яўляецца “правам на жыццё”, гэта таксама адносіцца і да вады, тым больш, што каля 800 мільёнаў чалавек па ўсім свеце не маюць да яе доступу, растлумачыў ён.

Іерарх адзначыў, што гэта не толькі права, але і фундаментальная свабода чалавека, “таму што без доступу да вады чалавек не можа быць свабодным”. Ён дадаў, што ў цэлым Святы Пасад змагаецца за “безумоўнае права на жыццё” і імкнецца да таго, каб у ААН гэтая пазіцыя была вядомая. Таму трэба даць усім людзям магчымасць карыстацца тэхнічнаымі, эканамічнымі і сацыяльнымі сродкамі, якія забяспечаць доступ да пітной і здаровай вады ў дастатковай колькасці.

Кардынал таксама назваў шэраг канкрэтных ватыканскіх праектаў у гэтым напрамку. Напрыклад, Святы Пасад прапанаваў маладым прадпрымальнікам знайсці вырашэнне экалагічных праблем, згаданых у энцыкліцы Францішка „Laudato si”. Два з прадстаўленых рашэнняў датычаць доступу да вады: гаворка ідзе аб сістэме яе фільтрацыі, якая можа быць прыменена для ачысткі і дэзінфекцыі прамысловых вод. 

У жэнеўскай канферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі розных міжнародных арганізацый, у асноўным няўрадавых. Яны адзначалі складанасць пытання, паколькі адсутнасць доступу да вады з’яўляецца адной з асноўных прычын масавай міграцыі ў сучасным свеце. Пастаянны назіральнік Святога Пасаду ў прадстаўніцтве ААН у Жэневе, арцыбіскуп Іван Юркавіч паведаміў, што выніковы дакумент форуму будзе заклікам не толькі да каталіцкай супольнасці, але і да ўсіх людзей добрай волі па ўсім свеце, бо праблема доступу да вады датычыць кожнага без выключэння.








All the contents on this site are copyrighted ©.