2017-09-16 11:17:00

Прэзідэнт Беларусі сустрэнецца з еўрапейскімі біскупамі


Прэзідэнт Беларусі прыме ў Мінску вялікую дэлегацыю каталіцкіх іерархаў з Еўропы. У чацвер, 28 верасня 2017 г. Аляксандр Лукашэнка сустрэнецца з удзельнікамі пленарнага пасяджэння Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (CCEE), якая будзе праходзіць у беларускай сталіцы з 27 верасня па 1 кастрычніка і збярэ кіраўнікоў епіскапатаў 45 краін кантыненту. Аб гэтым гаворыцца ў спецыяльным паведамленні арганізацыі.

Адной тэм форуму стане сучаснасць і будучыня Еўропы, уклад і місія Касцёла ў пабудову агульнага еўрапейскага дома. Старшыні епіскапатаў абмяркуюць шляхі і магчымасці абвяшчэння Евангелля Хрыста ў Еўропе. Асноўнай жа тэмай сустрэчы стане ўдзел маладых людзей у жыцці Касцёла: іх жаданні, патрэбы, страхі, чаканні і адносіны.

Беларусь прыме сход касцёльных лідэдараў такога ўзроўню ўпершыню. Вытокі Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы зыходзяць з 1965 г., калі 13 кіраўнікоў нацыянальных епіскапатаў у Рыме заснавалі камітэт для развіцця магчымасцяў больш цеснага супрацоўніцтва на ўзроўні мясцовых епіскапатаў. Устаноўчы сход Рады адбыўся ў сакавіку 1971 г.

Як гаворыцца ў паведамленні, сведчаннем вялікага значэння сустрэчы з’яўляецца ўдзел у яе адкрыцці Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, намесніка прэм’ер-міністра Васіля Жарко, мэра Мінска Андрэя Шорца, прадстаўнікоў іншых канфесій і рэлігій.

Пленарная асамблея завершыцца ў нядзелю, 1 кастрычніка, прыняццем выніковага дакументу, змест якога будзе ўзяты пад увагу пры падрыхтоўцы наступнага Сіноду Біскупаў па пытаннях моладзі, які пройдзе ў Ватыкане ў жніўні 2018 г. з удзелам біскупаў з усяго свету.

Мінск быў абраны для правядзення пленарнага пасяджэння Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы падчас мінулагодняй асамблеі, якая праходзіла ў Манака. Трэба адзначыць, што беларуская сталіца прымае форум у рамках вышэйузгаданай арганізацыі ўжо ў другі раз. 14-16 чэрвеня 2007 г. тут праходзіла 35-я сустрэча генеральных сакратароў еўрапейскіх епіскапатаў на тэму “Міграцыя – выклік для Еўропы”.

Варта зазначыць, што Беларусь усё часцей становіцца цэнтрам увагі з боку Паўсюднага Касцёла і Святога Пасаду. У 2014 г. у Мінску адбыўся IV Каталіцка-Праваслаўны форум “Рэлігійны і культурны плюралізм: выклікі хрысціянскім Цэрквам у Еўропе”, у якім прынялі ўдзел высокія праваслаўныя і каталіцкія іерархі з 22 краін кантыненту. У 2015 г. краіну наведаў Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці Папы, кардынал Пьетра Паралін. Урачыстасці сярэбранага юбілею адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, якія ў 2016 г. праходзілі ў Будславе, узначаліў спецыяльны пасланнік папы Францішка кардынал Крыстаф Шонборн з Вены.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, гаспадар форуму, назваў абранне Мінска сталіцай чарговага пленарнага пасяджэння Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы знакам вялікай павагі, гонару і прэстыжу для Касцёла ў Беларусі і для краіны ў цэлым.








All the contents on this site are copyrighted ©.