2017-09-16 12:23:00

Святы Пасад: небяспека Карэйскага крызісу беспрэцэдэнтная


Святы Пасад уважліва сочыць за бядотным становішчам мусульман-рахінья, вядзе перамовы з Іранам на тэму сітуацыі хрысціян у гэтай краіне, супрацоўнічае з міжнароднай супольнасцю для вырашэння Карэйскага крызісу, паведаміў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі, у спецыяльным інтэрв’ю для Ватыканскага радыё.

Іерарх нагадаў, што Пантыфік выказваў сваю заклапочанасць лёсам рахінья падчас майскай сустрэчы з лідэрам М’янмы. Ён сказаў, што біскупы краіны будуць працягваць патрабаваць ад ураду, спыніць напады на пасяленні гэтага народа і паважаць правы яго прадстаўнікоў. 

Гэту тэму арцыбіскуп нядаўна абмеркаваў і з іранскімі лідэрамі ў Тэгеране. Падчас свайго візіту, які праходзіў 5-9 верасня 2017 г., ён таксама меў “вельмі адкрытую” дыскусію па сітуацыі з рэлігійнай свабодай. Абмяркоўваючы цяжкасці, з якімі сутыкаюцца католікі ў Іране, арцыбіскуп Галахер сказаў, што ён узняў гэтыя пытанні падчас перамоў з Міністэрствам замежных спраў і Міністэрствам культуры. Існуе рознае разуменне рэлігійнай свабоды. Іранскія ўлады “вельмі станоўча ацэньваюць ролю і ўклад хрысціян, але ў той жа час выстаўляюць вельмі патрабавальныя для хрысціянскіх супольнасцяў “правілы гульні”. Ён выказаў надзею, што яго візіт прыцягне ўвагу да гэтага пытання і прывядзе да будучага супрацоўніцтва з мэтай вырашэння “некаторых практычных праблем гэтых супольнасьцяў”. 

На пытанне аб магчымасці папскага візіту ў Іран, арцыбіскуп Галахер сказаў, што гэта далёкая перспектыва і дадаў, што добрыя адносіны Ірана са Святым Пасадам, у прыватнасці з Папскай радай па міжрэлігійным дыялогу, павінны быць адлюстраваны ў добрых адносінах з мясцовымі хрысціянскімі супольнасцямі. 

У інтэрв’ю ватыканскі дыпламат таксама казаў пра эскалацыю напружанасці на Карэйскім паўвостраве, настойваючы на тым, што крызіс варта разглядаць у больш шырокім кантэксце “беспрэцэдэнтнай небяспекі”, самай значнай з часоў Другой сусветнай вайны. Святы Пасад “вельмі занепакоены” гэтым, застаючыся “прыхільнікам садзейнічання бяз’ядзернаму свету”, заснаванаму “на этыцы братэрства, а не агрэсіі”.

Арцыбісуп Галахер заклікаў міжнародную супольнасць “працягваць ціск на Паўночную Карэю”, дадаўшы, што Святы Пасад прапануе прыкласці максімальныя намаганні. Спасылаючыся на сваю паездку ў Пхеньян 20 гадоў таму, ён паведаміў, што сёння “каналы сувязі з Паўночнай Карэяй вельмі слабыя”.

Гаворачы аб сваім маючым адбыцца візіце ў ААН, ватыканскі дыпламат падкрэсліў неабходнасць адзінага падыходу да Паўночнай Карэі і іншых раёнаў, ахопленых канфліктамі. Ён лічыць выжным каб міжнародная супольнасць зразумела ўсю небяспеку крызісу на Карэйскім паўвостраве для свету, самую беспрэцэдэнтную за апошнія дзесяцігоддзі.

Іерарх распавёў пра выклікі, якія стаяць перад хрысціянамі на Блізкім Усходзе. На пытанне пра будучыню хрысціянскіх супольнасцяў у Сірыі і Іраку, арцыбіскуп Галахер адказаў, што многія з тых, хто бег ад баявых дзеянняў, не вернуцца. Асобы, якія знаходзяцца ў лагерах бежанцаў у Ліване і Іарданіі, могуць вярнуцца ў выпадку гарантавання міру. Хрысціяне адыгрываюць “істотную ролю на Блізкім Усходзе, з’яўляюцца нечым накшталт цэменту, які ўтрымлівае грамадства” разам. Трэба, каб яны працягвалі быць часткай гэтага грамадства, уносячы ўклад у аднаўленне гэтых краін, лічыць прадстаўнік Святога Пасаду.








All the contents on this site are copyrighted ©.