“Сінод на тэму моладзі можа стаць важнай часткай місійнага абнаўлення Касцёла, якое, паводле Апостальскай адгартацыі “Evangelii Gaudium”, з’яўляецца задачай цяперашняга часу”, - сказаў генеральны сакратар Сіноду Біскупаў на завяршэнне міжнароднага кангрэса па становішчы моладзі, які завяршыўся ў Генеральнай курыі езуітаў у Рыме.
“Да маладых людзей мы павінны звярнуцца не толькі для таго, каб дапамагчы нам лепш зразумець, як абвяшчаць Евангелле, але і для таго, каб лепш зразумець тое, што Езус патрабуе ад свайго Касцёла, чаго Ён чакае ад яго: што трэба адкінуць, а што прыняць, каб аднавіць гэту місію”, - сказаў кардынал Ларэнца Балдзісэры.
Згаданы кангрэс праходзіў у кантэксце падрыхтоўкі да Сінода Біскупаў на тэму “Моладзь, вера і распазнанне паклікання”, запланаванага на кастрычнік 2018 г.
Сярод розных прапаноў ад маладых людзей, якія прагучалі падчас сустрэчы, было стварэнне пастаяннай групы моладзі пры ўстановах Святога Пасаду. У адказ на яе кардынал Балдзісэры сказаў: “Гэты выпадак выходзіць за рамкі нашых паўнамоцтваў, але мы можам перадаць гэта Сінадальным Айцам”.
Аб сваім рашэнні правесці восенню 2018 г. Сінод, прысвечаны моладзі, Францішак заявіў 6 кастрычніка 2016 г. Яно было прынята пасля кансультацый з біскупскімі канферэнцыямі, Усходнімі Каталіцкімі Цэрквамі і канферэнцыямі генеральных настаяцеляў манаскіх кангрэгацый.
All the contents on this site are copyrighted ©. |