cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Дакументы і звароты

Пантыфік рэарганізаваў інстытут па сужэнстве і сям’і

Пантыфік рэарганізаваў інстытут па сужэнстве і сям’і - ANSA

19/09/2017 14:33

Сваім Апостальскім лістом у форме “motu proprio” пад назвай “Summa familiae cura” Святы Айцец заснаваў Папскі тэалагічны інстытут Яна Паўла ІІ навук аб сужэнстве і сям’і. Ён заменіць існуючы з 1981 г. Папскі інстытут Яна Паўла ІІ па даследаваннях сужэнства і сям’і. Новая структура і яе філіялы ў іншых краінах будуць па-ранейшаму звязаны з Папскім латэранскім універсітэтам. Яе задачай будзе ажыццяўленне вынікаў двух апошніх сесій Сіноду Біскупаў, якія прайшлі ў 2014 і 2015 гг. і былі прысвечаны сям’і, а таксама рэалізацыя Апостальскай адгартацыі “Amoris laetitia” з 2016 г.

“Гэты сінадальны перыяд прывёў Касцёл да аднаўлення ўсведамлення Евангелля сям’і і новых душпастырскіх выклікаў, на якія хрысціянская супольнасць павінна даць адказ”, - нагадаў Папа ў сваім дакуменце і дадаў, што сёння “місійнае пераўтварэнне Касцёла” павінна адбывацца і на акадэмічным узроўні, а душпастырская перспектыва павінна ўлічваць “раны чалавецтва” і “канкрэтны касцёльны профіль сям’і”. З другога боку, трэба “самым дбайным і строгім чынам” прытрымлівацца “ісціны Аб’яўлення і мудрасці традыцыі веры”. Усё гэта павінна паспрыяць “лепшаму разуменню цяперашняга часу”. “Карысць сям’і мае вырашальнае значэнне для будучыні свету і Касцёла”, - падкрэсліў Францішак.

“Антрапалагічныя і культурныя змены, якія ўплываюць на ўсе аспекты сённяшняга жыцця і патрабуюць аналітычнага і разнастайнага падыходу, не дазваляюць нам абмежавацца душпастырскай практыкай і місіяй, якія адлюстроўваюць формы і ўзоры мінулага. Мы павінны быць свядомымі і гарачымі тлумачальнікамі мудрасці веры ў кантэксце, у якім індывіды ў іх эмацыйным і сямейным жыцці менш прытрымліваюцца мінулых сацыяльных структур”, - напісаў Пантыфік і заклікаў “глядзець з інтэлектам любові і мудрым рэалізмам на рэчаіснасць сям’і”.

З тэксту “motu proprio” вынікае, што новы інстытут будзе кампетэнтным навуковым цэнтрам у пытаннях, якія тычацца сужэнства і сям’і, а таксама звязаных з фундаментальным чалавечым саюзам паміж мужчынам і жанчынай для клопату пра патомства і стварэнне. Гэта будзе адбывацца ў сціслым супрацоўніцтве з Кангрэгацыяй Каталіцкай Адукацыі, Дыкастэрыяй па справах свецкіх, сям’і і жыцця, а таксама Папскай акадэміяй жыцця.

На чале Папскага тэалагічнага інстытуту Яна Паўла ІІ навук аб сужэнстве і сям’і будзе стаяць Вялікі канцлер, Дэкан і Рада Інстытута. Навучэнцы ўстановы будуць мець права атрымліваць тры акадэмічныя ступені: дактарат, ліцэнзіят і дыплом у галіне навук аб сужэнстве і сям’і. Статуты навучальнай установы пройдуць зацвярджэнне Святым Пасадам. Дакумент вызначыць найбольш адпаведныя шляхі развіцця супрацоўніцтва ў выкладанні і даследаваннях, паміж Інстытутам і Латэранскім універсітэтам.

Папскі інстытут Яна Паўла ІІ па даследаваннях сужэнства і сям’і быў створаны Янам Паўлам II у 1981 г. Апостальскай канстытуцыяй “Magnum Matrimonii Sacramentum” і з самага пачатку быў уключаны ў структуру Латэранскага ўніверсітэта. Як гаворыцца на інтэрнэт-старонцы структуры, яго праца прысвечана вывучэнню чалавечай асобы з пункту гледжання любові ў тэалагічным, філасофскім, антрапалагічным вымярэннях, а таксама з пункту гледжання касмалагічных навук.


19/09/2017 14:33