2017-09-19 12:13:00

Папа заклікаў католікаў Японіі да новага місійнага запалу


Японскае грамадства сёння патрабуе сведчання хрысціян, якія маюць мужнасць ісці супраць плыні і давяраць Богу, Які ніколі не расчароўвае, напісаў Францішак да каталіцкага епіскапату Японіі. Ён скарыстаўся візітам у краіну прэфекта Кангрэгацыі евангелізацыі народаў, кардынала Фернанда Філоні і перадаў праз яго свой ліст, у якім заахвоціў японскіх католікаў да адраджэння місійнага духа.

Да такога стаўленне, на думку Пантыфіка, іх павінен мабілізаваць той факт, што яны з’яўляюцца спадкаемцамі мноства мучанікаў і сведкаў, якія ў часы пераследу патаемна захоўвалі веру ў Хрыста.

Папа шырока піша аб бягучых справах, якія абвяшчэнне Евангелля робяць яшчэ больш тэрміновым. Гэта сур’ёзныя праблемы, з якімі сутыкаецца японскае грамадства. У якасці прыкладу, Францішак згадвае вялікую колькасць разводаў і самагубстваў, нават сярод моладзі. Ён таксама піша пра духоўны фармалізм, маральны рэлятывізм, рэлігійную абыякавасць, апантанасць працай і заробкам. У гэтым кантэксце, Касцёл у Японіі павінен з новым запалам працягваць місію Езуса, стаць соллю і святлом, - падкрэсліў Святы Айцец.

Каталіцкі Касцёл у Японіі належыць да рымскага абраду. Каталіцызм, як і хрысціянства ў цэлым, быў прынесены ў Японію партугальскімі даследчыкамі і місіянерамі, а таксама дзякуючы членам Ордэну езуітаў, у першую чаргу іспанцу Францішку Ксавэрыю і італьянцу Алесандра Валіньяна. Зараз тут, па дадзеных статыстыкі, пражывае каля 509 тыс. католікаў, што складае крыху менш за 0,5% ад усяго насельніцтва краіны. Дзейнічаюць 16 дыяцэзій, 3 з якіх з’яўляюцца архідыяцэзіямі, у каля 850 парафіях працуе больш за 1,5 тыс. святароў. Існуе свая Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.