2017-09-19 14:12:00

Святы Айцец: мігранты – гэта дар для Касцёла і народаў


У эпоху, якая “пазначана эпахальнымі перамяшчэннямі народаў, з напружанасцямі, якія яны непазбежна ствараюць”, актуальным застаецца прыклад св. Франчэскі Саверыі Кабрыні, адзначыў Францішак у пасланні з нагоды 100-годдзя смерці гэтай місіянеркі і апякункі мігрантаў, якое адзначаецца сёлета. 

Свой ліст Папа скіраваў 19 верасня 2017 г. на імя сястры Барбары Луізы Стэйлі, генеральнай настаяцельніцы кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Найсвяцейшага Сэрца Езуса – манаскай супольнасці, якая была заснавана ў 1880 г. Франчэскай Кабрыні.

Пантыфік нагадаў, што ў постаці гэтай святой, клопат пра мігрантаў, якія прыбывалі з Італіі ў Новы Свет, злучаўся з місійнай дзейнасцю. Яна заўважала ў гэтых людзях “дар для Касцёла і народаў, якія іх прымаюць”, што з’яўляецца выклікам таксама ў цяперашні час. Важна зразумець, што “сустрэча народаў робіць багацейшымі ўсіх, стварае адзінства і дыялогу, а не падзелы і варожасць”, дадаў Папа.

Св. Франчэска Саверыя Кабрыні нарадзілася ў 1850 г. на поўначы Італіі. У трыццацігадовым узросце заснавала кангрэгацыю Сясцёр Місіянерак Найсвяцейшага Сэрца Езуса. У 1889 г. разам з іншымі законніцамі прыбыла ў ЗША, дзе аказвала дапамогу італьянскім мігрантам і клапацілася пра дзяцей-сірот. Франчэска Кабрыні памерла 22 снежня 1917 г., пакінуўшы пасля сябе 67 манаскіх дамоў, у якіх служылі каля 3 тыс. законніц. 








All the contents on this site are copyrighted ©.