2017-09-19 13:36:00

Францішак: не заставацца абыякавымі да няшчасцяў людзей


Неабходна прасіць Бога аб ласцы спачування да людзей, якія пакутуюць, адзначыў Францішак 19 верасня 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У сваёй гаміліі ён спаслаўся на евангельскі ўрывак аб уваскрасенні Езусам сына беднай удавы з Наіна (Лк 7,11-17).

Папа нагадаў, што ў Старым Запавеце няшчасней нявольнікаў маглі быць толькі ўдовы, сіроты і чужынцы. На старонках Святога Пісання знаходзіцца мноства заклікаў да таго, каб агарнуць гэтых людзей клопатам, вярнуць іх у жыццё супольнасці. Сам Езус меў да іх спачуванне, дадаў ён.

Спачуванне – гэта пачуцце, якое не пакідае чалавека абыякавым. Гэта не тое ж, што проста сказаць: “Мне шкада”. Яно азначае “цярпець разам з іншым”. Па словах Францішка, калі Езус апынуўся перад беднай удавой, у якой памёр адзіны сын, гэта трагедыя стала для Яго важнейшай за натоўп, да якога Ён прамаўляў і які ішоў за Ім. Езус не мог застацца абыякавым перад абліччам такога няшчасця.

Папа заўважыў, што спачуванне падштурхоўвае “наблізіцца”, дакрануцца да рэчаіснасці, а не проста глядзець на яе здалёк. Гэта зрабіў Хрыстус, учыніўшы цуд уваскрашэння і вярнуўшы памерлага юнака яго маці. “Езус здзяйсняе цуды, каб вярнуць на сваё месца людзей. Мэнавіта гэта Ён учыніў праз адкупленне. Бог аказаў спачуванне – наблізіўся да нас у постаці свайго Сына, і вярнуў усім нам годнасць дзяцей Божых. Стварыў нас нанова”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Пантыфік заклікаў вернікаў наследаваць гэты прыклад, становячыся бліжэй да патрабуючых, а не дапамагаючы ім толькі здалёк, бо яны могуць быць бруднымі і мець непрыемны пах. Паводле яго, абыякавыя адносіны да чалавечых трагедыі, гэта не па-хрысціянску. Трэба мець спачуванне, маліцца за ахвяр розных няшчасцяў, або прынамсі аб ласцы спагады, і дапамагаць ім вярнуцца ў супольнасць, нагадаў у сваёй гаміліі Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.