2017-09-21 13:52:00

Высокі ватыканскі дыпламат прымае ўдзел у генасамблеі ААН


Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер бярэ ўдзел у Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі выступіў падчас дыскусіі па барацьбе з сучаснымі формамі рабства і нагадаў пра даўнія традыцыі дзейнасці Касцёла ў гэтай галіне. Ён адзначыў, што сёння святарам або законніцам лягчэй знайсці кантакт з ахвярамі сексуальнага рабства. Зняволеныя жанчыны давяраюць ім больш, чым дзяржаўным супрацоўнікам.

Прадстаўнік Святога Пасаду адзначыў, аднак, што для таго, каб справіцца з сучасным рабствам, патрэбны супольныя дзеянні на розных узроўнях. Трэба спыніць гэтую практыку, пакараць вінаватых і паклапаціцца пра пацярпелых. Касцёл будзе працягваць адыгрываць актыўную ролю ў гэтай галіне. Тым больш, што папа Францішак назваў барацьбу з рабствам адным з прыярытэтаў свайго пантыфікату, нагадаў арцыбіскуп Галахер.

Кіраўнік ватыканскай дыпламатыі таксама прыняў удзел у дыскусіі па сітуацыі ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, ахопленай грамадзянскай вайной. Ён падкрэсліў, што міжнародная супольнасць павінна падтрымліваць у краіне дэмакратычныя працэсы і развіццё неабходных структур. Забеспячэнне вяршэнства закона, аднак, гэта адказнасць самога ўрада. Іерарх падкрэсліў неабходнасць спынення агню, раззбраення і сацыяльнай рэінтэграцыі членаў паўстанцкіх груп, кампенсацыі ахвярам канфлікту і мігрантам, якім трэба дазволіць вярнуцца ў свае дамы.








All the contents on this site are copyrighted ©.