2017-09-23 11:48:00

Ватыканскі Дзяржсакратар: палітыцы патрэбна шматбаковасць


“Ватыкан у сям’і народаў”, - так гучыць назва выдання пад рэдакцыяй арцыбіскупа Сільвана Марыі Тамазі, якая аналізуе дыпламатычную ролю Святога Пасаду ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Кніга, апублікаваная “Cambridge University Press”, была прадстаўлена 22 верасня 2017 г. у рэзідэнцыі пасла ЗША пры Святым Пасадзе. 

На мерапрыемстве з прамовай выступіў кардынал Пьетра Паралін, Дзяржсакратар Яго Святасці Папы. Яна была сканцэнтравана на асаблівасцях ватыканскай дыпламатыі на службе міру, павагі да правоў чалавека і развіцця народаў. 

У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё, бліжэйшы супрацоўнік Папы падкрэсліў, што ў кніге падкрэсліваецца галоўны прынцып сапраўднай дыпламатыі – шматбаковасць. Гэта важна ў сённяшнім свеце, калі гэты прынцып “знаходзіцца ў крызісе”: палітыкі паддаюцца спакусе “пайсці ў адзіночку і прымаць аднабаковыя рашэнні”. Святы Пасад, у сваю чаргу, лічыць шматбаковасць “інструментам для супрацьстаяння і вырашэння складаных праблем сучаснага свету”, для служэння чалавеку праз абарону яго годнасці і правоў, для служэння справе міру і мірнаму суіснаванню ў свеце. Гэтыя вялікія справы з’яўляюцца прынцыпамі сацыяльнага вучэння Касцёла, якое дае канкрэтныя рэкамендацыі, паколькі не дастаткова проста пацвердзіць волю або нагадаць пра прынцыпы – важна паказаць шляхі.

Кардынал Паралін адзначыў, што сённяшні сусветны кантэкст надзвычай палярны і “дыверсіфікаваны”, і, на яго думку, трэба ўлічваць і выкарыстоўваць гэта для мірнага вырашэння рознагалоссяў. Магчыма, сённяшнія міжнародныя інстытуты “маюць патрэбу ў абнаўленні” – ужо доўга і адкрыта гаворыцца, напрыклад, аб рэформе ААН – але прынцыпы застаюцца, і гэта тое, што падкрэслівае дыпламатыя Святога Пасаду.

Дзяржсакратар Яго Святасці спаслаўся на прамову папы Францішка на Генеральнай асамблеі ААН і падкрэсліў, што гэта быў зварот да адказнасці сучасных палітыкаў: у іх руках лёс чалавецтва, лёс свету, лёс гарманічнага суіснавання народаў. Асэнсаванне гэтай адказнасці вядзе да імкнення да міру і развіцця свету.








All the contents on this site are copyrighted ©.