2017-09-23 14:42:00

Папа да цыстэрсаў: кляштар – месца сапраўднага спакою


Кляштары павінны быць прывелеяванымі месцамі для пошуку сапраўднага спакою і непадробнага шчасця, якое толькі Бог, наш бяспечны прытулак, можа падарыць, адзначыў Папа падчас сустрэчы з удзельнікамі генеральнага капітула Ордэна цыстэрсаў строгага захавання, больш вядомага як Ордэн трапістаў. Аўдыенцыя адбылася 23 верасня 2017 г. у Клементыйскай зале ватыканскага Апостальскага палацу. 

Святы Айцец заклікаў законнікаў быць “сведкамі руплівай малітвы, умеркаванасці і адзінства ў любові”. Важна быць людзьмі малітвы, усё больш і больш пранізанымі любоўю да Пана і перамененымі ў Яго сяброў, сказаў ён. “Гаворка не ідзе пра тое, каб быць “прафесіяналамі” – у адмоўным сэнсе – але закаханымі ў малітву, разглядаючы вернасць знешнім практыкам і нормам, якія ёй кіруюць і вызначаюць яе моманты, не ў якасці мэты, а сродку для ўзрастання ў асабістых адносінах з Богам”, - дадаў Папа.

Гаворачы пра духоўную і жыццёвую прастату, як адну з характэрных рысаў Ордэна, Святы Айцец заўважыў, што яе сведчанне з’яўляецца важным у актуальным культурным кантэксце, які, “нажаль, часта навязвае жаданне эфімерных дабротаў і рознага роду ілюзорнага штучнага раю”.

Францішак заклікаў законнікаў “знаёміць людзей са сваім духоўным досведам і дзяліцца ім, захоўваючы раўнавагу паміж асабістым сузіраннем, лучнасцю з літургіяй Касцёла і гасціннасцю да тых, хто шукае хвілін цішыні, каб увайсці ў досвед жыцця з Богам”.

Ордэн цыстэрсаў строгага захавання быў заснаваны ў 1664 г. Арманам Жанам Ле Буцілье Дэ Рансэ, абатам кляштару Ля-Трапэ ў Францыі, як адказ на аслабленне правілаў і злоўжыванні ў іншых кляштарах гэтай манаскай супольнасці. На сённяшні дзень у свеце каля 2 тыс. трапістаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.