cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Гаміліі

Папа заклікаў да распазнання сапраўднага Божага суцяшэння

Папа заклікаў да распазнання сапраўднага Божага суцяшэння - ANSA

25/09/2017 13:20

Трэба не забывацца пра Божае вызваленне, якое з’яўляецца рэальнай крыніцай суцяшэння, адзначыў Пантыфік 25 верасня 2017 г., падчас ранішняй св. Імшы ў капліцы Дому св. Марты. У гаміліі Францішак спаслаўся на ўрывак з Пачатку кнігі Ездры, які кажа пра распараджэнне персідскага цара аб рэканструкцыі Ерузалемскай Святыні і вяртанні ізраільцян з Вавілонскага палону.

Папа адзначыў, што збаўчае дзеянне Бога заўсёды звязана з Яго наведваннем. Падчас гэтага Ён дае радасць, якая вядзе чалавека да стану духоўнага суцяшэння. Святы Айцец падкрэсліў, што гаворка ідзе не толькі пра падзеі мінулага, але і пра сучаснасць, пра стан духоўнага жыцця кожнага хрысціяніна. Біблія вучыць нас, адзначыў Пантыфік, што ёсць моманты слабасці, але і вялікай духоўнай сілы. Бог заўсёды імкнецца да таго, каб мы адчувалі Яго прысутнасць праз радасць і духоўнае суцяшэнне. Тут проста неабходная надзея на сустрэчу з Панам. Пры яе адсутнасці хрысціянін замыкаецца ў сабе, не ведаючы, што рабіць.

Францішак заклікаў да распазнання сапраўднага суцяшэння, паколькі існуе вялікая колькасць ілжэпрарокаў, якія на самой справе падманваюць нас. “Суцяшэнне Пана кранае нас унутранна, не застаўляе абыякавымі і дорыць любоў, веру, надзею, а таксама прыводзіць да аплаквання сваіх грахоў, а калі глядзім на Езуса, на Яго Муку – да плачу разам з Езусам... Акрамя таго, яно падымае душу да нябесных, да Божых спраў, а таксама супакойвае душу праз згоду з Богам. Гэта сапраўднае суцяшэнне”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заклікаў дзякаваць прыходзячаму да нас Богу праз малітву, за тое, што дапамагае нам ісці наперад, спадзявацца, несці крыж. Ён заахвоціў не забывацца кожнае атрыманае суцяшэнне. 

“Гэта праўда, суцяшэнне – рэч моцная, настолькі моцная, што яго не можна ўтрымаць – гэта момант – але яно пакідае свае сляды. Трэба захоўваць гэтыя сляды з дапамогай памяці, захоўваць так, як ізраільскі народ захоўваў сваё вызваленне. Мы вяртаемся ў Ерузалем, таму што Бог вызваліў нас ад гэтага рабства. Трэба чакаць суцяшэння, распазнаваць і захоўваць яго. І што застаецца, калі пройдзе гэты інтэнсіўны момант? Спакой! І ён з’яўляецца апошнім узроўнем суцяшэння”, - завяршыў Папа сваю ранішнюю гамілію.


25/09/2017 13:20