2017-09-25 12:41:00

Святы Айцец прыняў дабрачынцаў Швейцарскай гвардыі


Святы Айцец прыняў 25 верасня 2017 г. дабрачынцаў двух спецыяльных фондаў, якія аказваюць фінансавую, тэхнічную і матэрыяльную падтрымку Папскай швейцарскай гвардыі. Яны прыбылі ў Ватыкан на адкрыццё новага Аператыўнага цэнтра гэтай ахоўнай структуры. Пантыфік выказаў падзяку за клопат аб корпусе папскіх гвардзейцаў і за плённае супрацоўніцтва, наладжанае з камандаваннем і кампетэнтнымі ватыканскімі органамі.

Папа ўзгадаў два прынцыпы, закладзеныя ў аснову дзейнасці фондаў: дух супольнасці і салідарнасць. Такое стаўленне, адзначыў ён, знаходзіць свае карані ў евангельскім закліку любові да бліжняга і спрыяе пераадоленню адрозненняў і сацыяльнай напружанасці паміж рознымі групамі. Такім чынам, праз сваю працу дабрачынцы становяцца сведкамі евангельскіх ідэалаў братэрства і падтрымкі. 

“Любоў да бліжняга адпавядае мандату і прыкладу Хрыста, заснаванаму на сапраўднай любові да Бога. Такім чынам, праз сваю адданасць, для хрысціяніна адкрываецца магчымасць даць адчуць іншым правідчую пяшчоту Айца Нябеснага. Каб падзяліцца любоўю з братамі, мы павінны фактычна чэрпаць яе з печы чароўнай Божай любові праз малітву, слухаючы Слова Божае і сілкуючыся Эўхарыстыяй. З дапамогай гэтай духоўнай сістэмы адліку можна дзейнічаць у логіцы шчодрасці і служэння”, - сказаў Францішак.

Пантыфік падзякаваў дабрачынцам за ўсё, што яны робяць “на карысць многіх маладых швейцарцаў, якія вырашылі правесці некалькі гадоў свайго жыцця ў служэнні Касцёлу і Святому Пасаду”. Ён адзначыў, што “іх сціплая, прафесійная і шчодрая прысутнасць вельмі важная і карысная для добрай рэалізацыі дзейнасці Ватыкана”.

Фонд Папскай Швейцарскай Гвардыі быў занаваны ў 2000 г. і базуецца ў швейцарскім Фрыбургу. Яго мэта – фінансавая, матэрыяльная і сацыяльная забеспячэнне службы гвардзейцаў. Рада папячыцеляў складаецца з прадстаўнікоў Касцёла, навукі, палітыкі, эканомікі і войска. Фонд аказвае падтрымку Швейцарскай гвардыі з гадавым унёскам у памеры каля 150 тыс. швейцарскіх франкаў.

У цяперашні час ў Ватыкане знаходзяцца каля 110 швейцарскіх гвардзейцаў. Яны выконваюць ганаровы абавязак аховы Папы і Апостальскага палаца, а таксама межаў Дзяржавы Ватыкан. Афіцэры суправаджаюць Святога Айца ў замежных падарожжах. 

Сапраўдным подзвігам, а таксама баявым хрышчэннем самай невялікай арміі ў свеце лічыцца бітва гвардзейцаў з 20-тысячнай арміяй імператара Карла V падчас славутай аблогі Рыма (sacco di Roma) 6 мая 1527 г. Падчас абароны Папы загінулі 142 з 189 гвардзейцаў. Гэта была самая драматычная бітва ў гісторыі Швейцарскай гвардыі. У памяць пра гэтыя падзеі прысяга новых рэкрутаў штогод адбываецца 6 мая.








All the contents on this site are copyrighted ©.