2017-09-26 14:10:00

Вызначаны лаўрэаты “Прэміі Ратцынгера” за 2017 год


Нямецкі лютэранскі тэолаг Тэадор Дзітэр, каталіцкі святар і тэолаг Карл-Хайнц Менке і эстонскі праваслаўны кампазітар Арво Пярт – гэта тры сёлетнія лаўрэаты ватыканскай “Прэміі Ратцынгера”. Імёны назваў 26 верасня 2017 г. на спецыяльнай прэс-канферэнцыі ў Ватыкане старшыня Адміністрацыйнай рады “Ватыканскага Фонду Ёзэфа Ратцынгера - Бэнэдыкта XVI”, кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Італьянскі езуіт дадаў, што сёлета ўпершыню навукоўцам будзе ўручана ганаровая прэмія “Адкрыты розум”.

Святар заявіў, што пераможцы сёмай “Прэміі Ратцынгера” будуць афіцыйна прадстаўлены ў Ватыкане 18 лістапада 2017 г.

Нямецкі лютэранскі тэолаг Тэадор Дзітэр з’яўляецца дырэктарам Інстытута экуменічных даследаванняў у Страсбургу. Ён адыграў значную ролю ў рэдакцыі і зацвярджэнні каталіцка-лютэранскай “Сумеснай дэкларацыі аб дактрыне апраўдання” ад 31 кастрычнiка 1999 г. У 2012 г. ён быў рэферэнтам на тэму каталіцка-лютэранскага дыялогу падчас сустрэчы “Кола вучняў Ратцынгера” ў Кастэль Гандольфа ў прысутнасці Бэнэдыкта XVI.

Нямецкі каталіцкі святар і тэолаг Карл-Хайнц Менке – былы прафесар тэалогіі на факультэце каталіцкай тэалогіі ў Бонскім універсітэце – вядомы эксперт у вучэнні Ёзэфа Ратцынгера , які прысвяціў шмат часу вывучэнню яго прац. У 2014 г. Францішак прызначыў яго членам Міжнароднай тэалагічнай камісіі.

Эстонец Арво Пярт, праваслаўны кампазітар, які ў асноўным піша сакральную музыку, дзякуючы чаму атрымаў вядомасць у свеце. Ён мае ганаровую доктарскую ступень Папскага інстытута сакральнай музыкі, браў удзел у выставе “Бляск праўды, прыгажосць любові”, арганізаванай Папская радай па культуры з нагоды 60-годдзя святарства Бэнэдыкта XVI. У снежні 2011 г. Папа прызначыў яго членам гэтай дыкастэрыі.

Акрамя таго, кс. Ламбардзі паведаміў, што 27 верасня 2017 г. у штаб-кватэры Папскай акадэміі навук упершыню будуць уручаны прэміі “Адкрыты розум”. У галіне навуковых даследаванняў пераможцамі сталі: Дарсі Нарваез з Універсітэту Нотр-Дам у ЗША, за сваю працу “Нейрабіялогія і развіццё чалавечай маралі”; а таксама Клаўдыя Ванэй і Хуан Франк з Універсітэту Буэнас-Айрэса, за зборнік “Дэтэрмінізм або індэтэрмінізм? Вялікія навуковыя пытанні для філасофіі”. 

У сваю чаргу, у галіне адукацыі пераможцамі прэміі “Адкрыты розум” сталі: Майкл Шак, Нэнсі Тачмэн, Майкл Гаранзіні з Універсітэту Лаёла ў Чыкага, за анлайн-тэкст, прысвечаны экалагічнай адукацыі “Ацалі зямлю”; а таксама сястра дамініканка з Будапешта Саролта Лаўра Барыц, за навучальную праграму “Хрысціянскія сацыяльныя прынцыпы, якія тычацца эканомікі”.

“Ватыканскі фонд Ёзэфа Ратцынгера - Бэнэдыкта XVI” заснаваў у лістападзе 2010 г. Бэнэдыкт XVI, які ахвяраваў сродкі, адтрыманыя ад сваёй літаратурна-тэалагічнай дзейнасці. Падтрымліваюць фонд і дабрачынцы. “Прэмія Ратцынгера” ўручаецца за папулярызацыю тэалогіі ў сучасным свеце. Нефармальна яе называюць “Нобелеўскай прэміяй у галіне тэалогіі”.








All the contents on this site are copyrighted ©.