2017-09-26 14:42:00

Мітрапаліт Іларыён сустрэўся з Францішкам і Бэнэдыктам XVI


Адбываецца працоўны візіт старшыні Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату ў Ватыкан. 26 верасня 2017 г. яго прыняў на аўдыенцыі папа Францішак. 

Напярэдадні, 25 верасня, адбылася сустрэча Мітрапаліта Валакаламскага Іларыёна з Бэнэдыктам XVI. Праваслаўны іерарх павіншаваў Папу на пенсіі з 90-годдзем і перадаў яму сардэчнае прывітанне і добрыя пажаданні ад Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла.

На сайце Маскоўскага Патрыярхата гаворыцца, што падчас гутаркі Мітрапаліт Іларыён распавёў Бэнэдыкту XVI аб сустрэчы паміж Патрыярхам Кірылам і папам Францішкам, якая адбылася 12 лютага 2016 г. у Гаване, а таксама аб розных аспектах супрацоўніцтва паміж Рускай Праваслаўнай Царквой і Каталіцкім Касцёлам.

Адказваючы на пытанне Папы на пенсіі аб тым, як адбываецца адраджэнне веры сярод паствы Рускай Праваслаўнай Царквы, Мітрапаліт расказаў пра будаўніцтва новых храмаў і адкрыцці манастыроў, аб стварэнні тэалагічных факультэтаў у свецкіх універсітэтах, аб выдавецкай і асветніцкай дзейнасці Царквы.

Іерарх уручыў Бэнэдыкту XVI рускае выданне яго кнігі “Багаслоўе літургіі”, падрыхтаванае выдавецтвам Маскоўскага Патрыярхата. Ён падзякаваў старшыні Аддзела знешніх царкоўных сувязяў за гэты падарунак і выказаў пажаданне, каб яго кніга, перакладзеная на рускую мову, была карыснай для вернікаў Праваслаўнай Царквы для лепшага разумення імі літургіі.

У якасці падарунка да Дня нараджэння Мітрапаліт Іларыён уручыў Пантыфіку на пенсіі шэсць тамоў сваёй кнігі “Езус Хрыстус. Жыццё і вучэнне”.








All the contents on this site are copyrighted ©.