2017-09-27 15:54:00

Папа: св. Вінцэнт дэ Поль працягвае прамаўляць да Касцёла


Св. Вінцэнт дэ Поль заўсёды быў у дарозе, адкрыты на пошук Бога і самога сябе, але неспадзявана сустрэў у асобе бедных Езуса, Добрага Пастыра, які заклікаў яго больш не жыць для сябе, але да канца служыць Яму ў патрабуючых, нагадаў Францішак 27 верасня 2017 г. у пасланні да духоўных паслядоўнікаў і паслядоўніц гэтага святога. 

Зварот Пантыфіка быў прымеркаваны да 400-годдзя харызмату Вінцэнта дэ Поля, якое адзначаецца сёлета. Менавіта ў 1617 г. святы прысягнуў да канца свайго жыцця служыць самым слабым членам грамадства і арганізаваў Брацтва міласэрнасці, місія якога заключаецца ў клопаце пра бедных і жыцці ў еднасці. 

Гэта “гарчычнае зерне” з цягам часу стала “вялікім дрэвам”, заўважыў Францішак, маючы на ўвазе шматлікія жаночыя і мужчынскія манаскія супольнасці, каталіцкія рухі і асацыяцыі, якія працягваюць місію св. Вінцэнта дэ Поля, “шукаючы самых бедных і пакінутых”.

Францішак заклікаў духоўных сыноў і дочак гэтага пастыра скіроўваць “позірк да скалы з якой ўсё льецца, каб працягваць несці сёння свежасць вытокаў на перыферыі” чалавечага існавання. Гэтай скалой з’яўляецца “бедны Езус, які просіць, каб Яго распазналі ва ўбогіх і не маючых голасу”. 

“Па сутнасці мы ўсе пакліканы піць са скалы, якой з’яўляецца Пан, каб спатоліць прагненне любові, якое мае свет. Любові, крыніца якой у Ім. Любоў знаходзіцца ў сэрцы Касцёла, з’яўляецца прычынай яго дзейнасці, душой яго місіі”, - напісаў Пантыфік.

Св. Вінцэнт працягвае прамаўляць да Касцёла. “Яго сведчанне заклікае нас заўсёды знаходзіцца ў дарозе, просіць, каб мы мелі пакорнае сэрца” і крэатыўнасць у любові, “асабліва неабходныя сёння, у зменлівай складанасці глабалізаванага грамадства, дзе пэўныя формы міласціны і дапамогі, няглядзячы на тое, што матываваны добрымі намерамі, рызыкуюць умацаваць формы эксплуатацыі і незаконнасці і не прынесці рэальныя і трывалыя плёны”, лічыць Папа.

Прыклад св. Вінцэнта дэ Поля, паводле яго слоў, падштурхоўвае “прысвяціць месца і час бедным, новым сучасным бедным, празмерна шматлікім бедным, зрабіць нашымі іх думкі і няшчасці, бо хрысціянства без кантакту з пакутуючымі становіцца неўцелаўлёнымі хрысціянствам, няздольным дакранацца да цела Хрыста”.

Св. Вінцэнт дэ Поль лічыцца апекуном дабрачыннай дзейнасці, а таксама сіротаў і дзіцячых дамоў. На сённяшні дзень яго паслядоўнікі прысутнічаюць у розных кутках свету. У Беларусі працуюць законніцы з заснаванай ім у 1633 г. Кангрэгацыі Дачок Міласэрнасці. Яны нясуць служэнне ў Брэсце, Шуміліне і Мінску.








All the contents on this site are copyrighted ©.