2017-09-28 12:22:00

Каталіцкія біскупы Еўропы сабраліся ў Мінску


28 верасня 2017 г. у Мінску распачалося пленарнае пасяджэнне Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы, у якім прымаюць удзел кіраўнікі епіскапатаў 45 краін кантыненту. Адной з тэмаў форума з’яўляецца будучыня Еўропы, уклад і місія Касцёла ў пабудову агульнага еўрапейскага дому. Старшыні епіскапатаў абмяркуюць шляхі і магчымасці абвяшчэння Евангелля Хрыста ў Еўропе. Асноўнай жа тэмай сустрэчы стане ўдзел маладых людзей у жыцці Касцёла: іх жаданні, патрэбы, страхі, чаканні і адносіны. 

Напярэдадні першага пасяджэння форума ў сталічным Палацы Незалежнасці іерархаў прыняў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. “Прыезд у Мінск такіх высокіх прадстаўнікоў каталіцкага духавенства мы расцэньваем як знак асаблівай павагі да веруючых католікаў Беларусі. Упэўнены, гэта прызнанне палітыкі міру і згоды, якую наша дзяржава ўпэўнена праводзіць унутры краіны і на міжнароднай арэне”, - сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што ў час знаходжання ў Беларусі прадстаўнікі духавенства ўбачаць, якія сардэчныя і адкрытыя беларусы, адчуюць, якая гасцінная беларуская зямля. “Мы не падзяляем людзей па нацыянальнасці і веравызнанні. Кожны можа сам выбіраць свой шлях да храма. Гэта закон нашага грамадства. Мы стараемся праз дружбу, узаемаразуменне і цярпенне распазнаваць веліч і прыгажосць. Гэта тое, да чаго сёння заклікае не толькі яго Святасць Папа Рымскі, якога я бязмерна паважаю, але і духоўныя лідары практычна ўсіх сусветных канфесій”, - рэзюмаваў беларускі лідар.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў свеце існуе вострая патрэба ў адкрытым і даверлівым дыялогу. “Ваша цяперашняе пасяджэнне – сведчанне таго, што Царква, як заўсёды, паказвае прыклад, якім шляхам трэба ісці, каб хоць прыблізна наблізіцца да вырашэння застарэлых і новых канфліктаў, якія існуюць сёння ў свеце”, - сказаў ён

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на небяспеку глыбокага духоўнага крызісу, які пануе ў многіх краінах. “Гэта пагроза страшней любых эканамічных выклікаў. Да і ўсе эканамічныя выклікі менавіта з-за гэтага. У іх аснове ляжыць бездухоўнасць. Крызіс – у галовах. Гэта першапрычына любых эканамічных крызісаў. Дабро, міласэрнасць, любоў, вера – вышэйшыя чалавечыя каштоўнасці, якія заўсёды служылі апорай для людзей, разбураюцца на вачах”, - сказаў ён.

Па словах палітыка, аб цяжкім крызісе ў Еўропе кажа няздольнасць устанавіць мір у суседняй Украіне. “Гэта страшэннае няшчасце, што мы не можам у сваім доме навесці парадак. Гэта кажа аб цяжэйшым крызісе ў Еўропе”, - лічыць беларускі лідэр.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў арганізаваць у Мінску сустрэчу Патрыярха Кірыла і Папы Францішка. “Тут было заўважана аб выніковасці сустрэчы Папы Рымскага і Патрыярха Кірыла. Недзе там, далёка на Кубе. Думаю, трэба падумаць, каб яны сустрэліся тут, у Мінску. Гэта якраз сёння тое месца, дзе можна абмяркоўваць праблемы і Захаду і Усходу, Поўначы і Поўдня, і ўсёй планеты”, - заявіў ён. 

“Калі вы з Праваслаўнай царквой прыйдзеце да такога разумення, я і беларускі народ зробім усё, каб вы, вашы кіраўнікі, нашы кіраўнікі – Каталіцкай і Праваслаўнай Цэркваў – зрабілі гэту сустрэчу ў Мінску гістарычнай. Падумайце над гэтым”, - прапанаваў Прэзідэнт.

Падчас сустрэчы выступіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Ён выказаў надзею, што высокі форум “дасць новы імпульс для ўдасканалення ўзаемаадносін паміж дзяржавай і Касцёлам, а таксама для папулярызацыі Беларусі ў Еўропе і свеце, каб наша краіна была вядома ў ім перадусім як краіна Божага духу”. Арцыпастыр высока ацаніў той факт, што ўсе удзельнікі пасяджэння Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы будуць прыняты прадстаяцелем Беларускай Праваслаўнай Царквы.

“Гэта знак адкрытасці. Гэта тое, аб чым размаўлялі Папа Францішак і Патрыярх Кірыл. Сёння трэба разам адквазваць на выклікі часу. Мы павінны чытаць гэтыя выклікі часу і чытаць іх разам, а не толькі я – як католік, ці я – як праваслаўны , або пратэстант. Мы ўсе з’яўляемся адной сям’ёй. Беларусь – гэта наш адзіны дом, а калі ўзяць шырэй, то наш адзіны дом – гэта Еўропа, і нават увесь свет. І мы павінны разам вырашаць яго праблемы”, - сказаў іерарх у каментары для журналістаў.

Старшыня Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы, кардынал Анджэла Баньяска, у сваім прывітальным слове ўхваліў увагу ўраду Беларусі “да сям’і, што праяўляецца ў захадах, скіраваных на павелічэнне нараджальнасці”. “Гэта знак надзеі ў Еўропе, дзе назіраецца трывожны спад нараджэнняў, што суправаджаецца старэннем насельніцтва”, - падкрэсліў італьянскі іерарх.

Кардынал Баньяска пажадаў таксама, каб пытанні адносна дазволу на пражыванне і працу для замежных святароў і адносна касцёльнай маёмасці, якія з’яўляюцца жыццёва важнымі для місіі евангелізацыі, маглі быць вырашаны ў эфектыўным і актуальным дыялогу з удзелам усіх.

У другой палове дня еўрапейскія каталіцкія біскупы наведаюць праваслаўную катэдру Святога Духа і прымуць удзел у абедзе па запрашэнні Патрыяршага Экзарха усяе Беларусі, Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла. Затым, у будынку мінскай Ратушы пройдзе першае пасяджэнне форума. Вечарам іерархі збяруцца ў касцёле святых Сымона і Алены на Эўхарыстыю, якую будзе цэлебраваць кардынал Марк Уэле, прэфект Кангрэгацыі па справах Біскупаў. 

Пасяджэнне Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы будзе праходзіць у Мінску да 1 кастрычніка 2017 г. Яно завершыцца прыняццем выніковага дакументу, змест якога будзе ўзяты пад увагу пры падрыхтоўцы наступнага Сіноду Біскупаў па пытаннях моладзі, які пройдзе ў Ватыкане ў кастрычніку 2018 г. з удзелам біскупаў з усяго свету.








All the contents on this site are copyrighted ©.