cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Гаміліі

Францішак: святыя арханёлы – нашы сябры

Францішак: святыя арханёлы – нашы сябры - ANSA

29/09/2017 12:35

Мы і анёлы з’яўляемся братамі па пакліканні, таму што супрацоўнічаем у справе Божага збаўлення, адзначыў Францішак 29 верасня 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў ватыканскім Доме св. Марты. Спасылаючыся на свята святых арханёлаў – Міхала, Габрыэля і Рафала – якое адзначаецца ў Касцёле, Папа нагадаў, што яны стаяць перад Богам, каб служыць Яму, хваліць Яго і сузіраць хвалу аблічча Пана. Але Бог пасылае іх таксама, каб спадарожнічалі нам на жыццёвым шляху.

Па словах Пантыфіка, менавіта Міхал, Габрыэль і Рафал адыгрываюць важную ролю на нашым шляху да збаўлення. Арханёл Міхал вядзе барацьбу з д’яблам, “вялікім цмокам”, “старадаўнім змеем”, які “ўскладняе наша жыццё”, спакушае, як спакусіў Еву з дапамогай пераканаўчых аргументаў.

Д’ябал заахвочвае з’есці плод з забароненага дрэва, а затым, калі мы паддаемся спакусе, кажа Богу, што мы грэшнікі і належам яму. Але арханёл Міхал вядзе з ім змаганне, дапамагае нам у барацьбе са злым, каб мы не дазволілі сябе падмануць. Гэта абарона, якую ён здзейсняе дзеля Касцёла і кожнага з нас, запэўніў Святы Айцец. 

Іншы арханёл – Габрыэль – прыносіць добрыя навіны, як у выпадку Панны Марыі, Захарыі, Юзафа. Ён прыносіць весткі аб збаўленні. Габрыэль таксама дапамагае на нашым шляху, калі забываем пра тое, што Езус прыйшоў да нас, каб збавіць, нагадаў Пантыфік. Гаворачы пра трэццяга арханёла – Рафала – Святы Айцец заклікаў прасіць яго, каб бараніў ад памылковых крокаў на жыццёвым шляху.

“Міхале, дапамажы нам у барацьбе. Кожны з нас ведае, якую барацьбу павінен сёння весці ў сваім жыцці. Кожны з нас ведае, што галоўная барацьба, гэта барацьба за збаўленне. Габрыэле, прынось нам весткі, прынось нам Добрую Навіну аб збаўленні, аб тым, што Езус з намі, што Езус нас збавіў і дай нам надзею. Рафале, вядзі нас за руку і дапамажы нам у дарозе, каб не памыліліся шляхам, каб не стаялі на месцы, каб заўсёды ішлі наперад, але з тваёй дапамогай”, - памаліўся Францішак на заканчэнне сваёй гаміліі. 


29/09/2017 12:35