2017-09-29 13:19:00

Мінск: біскупы Еўропы абмеркавалі душпастырства моладзі


Другі дзень пленарнага пасяджэння Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы, якое 28 верасня-1 кастрычніка 2017 г. праходзіць у Мінску, быў прысвечаны абмеркаванню выклікаў, якія стаяць перад Касцёлам у сферы душпастырства моладзі. 

Пасля супольнай ранішняй малітвы і прывітальнага слова кардынала Марка Уэле, прэфекта Кангрэгацыі па справах Біскупаў, удзельнікі форума зацвердзілі пратакол пленарнай асамблеі 2016 г. і пазнаёміліся са справаздачай адносна мінулагодняй сустрэчы.

Затым, у моўных групах, прайшло абмеркаванне магчымасцяў для абнаўлення душпастырства моладзі. Біскупамі ўздымаліся пытанні адносна таго, як дапамагчы юнакам і дзяўчатам глядзець у будучыню з упэўненасцю і надзеяй, плённа ўдзельнічаць у палітычным, эканамічным і сацыяльным жыцці.  Асаблівая ўвага звярталася на важнасць аднаўлення адносін паміж пакаленнямі, распавёў на спецыяльнай прэс-канферэнцыі кардынал Анджэла Баньяска, старшыня Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы

“У аснове ўсіх праблем, якія моладзь мае сёння і якія мы абмяркоўвалі, ці прынамсі пералічылі, на мой погляд знаходзяцца канфліктныя адносіны з дарослымі. Сітуацыя, аднак, цалкам адрозніваецца ад 1968 году, ад часоў культурнай рэвалюцыі, калі моладзь адмаўляла ўвесь свет дарослых і ўсе існуючыя інстытуты: Касцёл, сям’ю, школу, дзяржаўныя структуры. Сёння сітуацыя цалкам змянілася, з гэтага пункту гледжання, бо моладзь, паводле майго і нашага меркавання, больш не мае радыкальнага адмаўлення дарослых, але мае крыўду, бо не знаходзіць дарослых побач з сабой, у якасці кропкі апоры. Гэта тычацца і сям’і, і Касцёла, нягледзячы на вялізарную шчодрасць святароў і душпастырскіх работнікаў і іншых, а таксама ўсяго свету дарослых і школы”, - сказаў італьянскі іерарх.

Паводле кардынала, супрацьядзем у дадзенай сітуацыі з’яўляюцца людзі, якія будуць здольнымі заўважыць, цярпліва выслухаць і суправаджаць моладзь з яе праблемамі. У гэтым кантэксце ён нагадаў пра важнасць будучага Сінода Біскупаў, які пройдзе ў Ватыкане і ўдзельнікамі якога будуць таксама юнакі і дзяўчаты.

У другой палове дня гаворка пойдзе аб працы камісій Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы, а таксама пройдуць выбары іх старшыняў. Затым будзе прадстаўлены на зацвярджэнне бюджэт Рады на 2018 г. Асобная частка форума будзе прысвечана тэме: “Касцёл і еўрапейскія ўстановы”. Падчас яе прагучаць даклады аб адносінах са структурамі Еўрапейскага Саюза і Саветам Еўропы. 

Вечарам, еўрапейскія каталіцкія іерархі збяруцца ў мінскім архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Панны Марыі на Эўхарыстыю, якую будзе цэлебраваць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, з нагоды свята святога арханёла Міхала – апекуна Касцёла ў Беларусі.








All the contents on this site are copyrighted ©.