2017-09-29 13:57:00

Пантыфік: не згубіць энтузіязму Юбілею Міласэрнасці


Нельга дапусціць, каб моцная вера і глыбокая духоўнасць, з якімі Каталіцкі Касцёл перажыў Надзвычайны Юбілей Міласэрнасці, былі страчаны або забыты, сказаў Францішак падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння Папскай рады па новай евангелізацыі. Папа прыняў іх 29 верасня 2017 г. у Клементыйскай зале ватыканскага Апостальскага палацу.

Святы Айцец зрабіў асаблівы акцэнт на неабходнасць захавання ў каталіцкіх супольнасцях плёнаў Году Міласэрнасці. “Каталіцкі Касцёл мае вялікую адказнасць, каб няспынна служыць інструментам міласэрнасці”, - сказаў Папа і дадаў, што гэта будзе спрыяць прыняццю Евангелля людзьмі і яго перажыванню як “збаўленчай з’явы”.

Францішак нагадаў словы з Першага паслання св. апостала Паўла да Цімафея, якія, паводле яго слоў, павінны памятаць усе, хто абвяшчае Евангелле: “Езус Хрыстус прыйшоў у свет, каб збавіць грэшнікаў, сярод якіх я першы. Але я памілаваны для таго, каб ува мне першым Езус Хрыстус паказаў усю доўгацярплівасць як прыклад тым, хто будзе верыць ў Яго дзеля жыцця вечнага” (1Цм 1,15-16).

Евангелізацыя – гэта заданне Божага народу, упэўнены Францішак. На яго думку Касцёл павінен ацаніць уклад асобных народаў і культур у пілігрымаванне Божага народу, каб спрыяць адзінству роду чалавечага. Акрамя таго, пакліканне да евангелізацыі пераўзыходзіць індывідуальнае вымярэнне і ўплятаецца ў “складаны сюжэт міжасобасных адносін”. Гэты факт набывае асаблівае значэнне сёння, у час тэхналагічных адкрыццяў, якія робяць відавочным недахоп сапраўдных чалавечых стасункаў, падкрэсліў Пантыфік.

Папа адзначыў важнасць здольнасці пранікаць у сэрцы людзей, каб “адкрыць тое адчуванне Бога”, якое дазваляе спакойна рухацца наперад, і “прагненне Бога, якое робіць неспакойнымі сэрцы многіх людзей”, што ўпалі ў прорву абыякавасці, якая не дазваляе адчуваць радасці ад жыцця, каб дасягнуць іх з радасцю евангелізацыі, заключыў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.