2017-09-30 20:42:00

Прадстаўлена пасланне Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы


Нам бы хацелася, каб словы Езуса “Не бойся, Я з табою” дасягнулі сэрца Еўропы – гаворыцца ў заключным пасланні ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы, якое праходзіла ў беларускай сталіцы з 28 верасня 2017 г.

Сваё заданне еўрапейскія епіскапаты бачаць ў тым, каб “развіваць лучнасць паміж пастырамі ў розных краінах і знаходзіць шляхі, каб голас Пана Езуса зноў загучаў у сэрцы ‘еўрапейскага чалавека’, культуры і грамадства”. Шляхі да паяднання розных традыцый і рэлігій трэба шукаць у святле Евангелля – крыніцы гісторыі Еўропы і яе надзейнай гарантыі, сцвярджаецца ў дакуменце. 

Епіскапаты Еўропы звярнуліся да міжнароднай супольнасці з заклікам даваць адказ “нават на моцныя прывабы секулярызму”, які спараджае індывідуалізм, самотнасць, няўпэўненасць, канфлікты і несправядлівасць. Вялікую надзею, гаворыцца ў дакуменце, Касцёл ускладае на моладзь, да якой “мае да яе павагу і давер, як маці да сваіх дзяцей”.

Усведамляючы наяўнасць “аморфнай культуры”, якой “усе мы дыхаем”, пастыры Еўропы маюць абавязак быць побач з маладымі людзьмі, “даць адчуць, што Евангелле — гэта вялікае “так” жыццю, любові, свабодзе, радасці: гэта “так” Хрысту”, гаворыцца ў пасланні.

Аўтары паслання выказалі надзею на тое, што Еўропа вернецца “на шлях айцоў”, якія марылі пра яе “як пра дом народаў і краін, як пра плодную маці дзяцей і цывілізацый, як пра зямлю адкрытага і цэласнага гуманізму”. “Касцёл, які з’яўляецца спецыялістам у чалавечнасці, – твой сябра: з позіркам, скіраваным на Хрыста, і з Евангеллем у руках ён разам з табою ідзе да будучыні паяднання, справядлівасці і міру” – такім заклікам завяршаецца пасланне Рады канферэнцый біскупаў Еўропы.

Прыярытэты, каштоўнасці і арыенціры далейшай дзейнасці еўрапейскіх епіскапатаў, акрэсленыя ў дакуменце, будуць улічвацца пры падрыхтоўцы наступнага Сінода Біскупаў па пытаннях моладзі, які пройдзе ў Ватыкане ў кастрычніку 2018 г. з удзелам біскупаў з усяго свету.

Пленарнае пасяджэнне Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы з удзелам кіраўнікоў епіскапатаў 45 краін кантынента, распачалося 28 верасня 2017 г. Цэнтральнымі тэмамі форума сталі будучыня Еўропы і ўмацаванне яе еднасці праз абвяшчэнне Евангелля і абнаўленне хрысціянскіх каштоўнасцей, а таксама шляхі актыўнага ўключэння моладзі ў жыццё Каталіцкага Касцёла. Урачыстае закрыццё пасяджэння адбудзецца 1 кастрычніка 2017 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.