2017-10-01 12:00:00

Пантыфік да духавенства: спрыяць рэвалюцыі пяшчотнасці


Другім пунктам аднадзённага візіту Францішка ў Чэзену стала сустрэча з духавенствам, кансэкраванымі асобамі, душпастырскімі работнікамі і прадстаўнікамі парафій. Яна прайшла 1 кастрычніка 2017 г. ў мясцовым катэдральным касцёле – велічнай базыліцы св. Яна Хрысціцеля, у архітэктуры якой спалучаны элементы раманскага і гатыцкага стыляў.

“Будзьце моцнымі ў даванні сведчання аб Евангеллі, ідучы разам: святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі”, - заклікаў Папа. Ён адзначыў важнасць паглыблення адносін з Богам праз штодзённую малітву, а таксама выйсця на экзістэнцыяльныя перыферыі, з клопатам пра людзей, выкінутых на ўзбочыну жыцця.

Францішак папярэдзіў аб сур’ёзнай небяспецы. “Сёння ёсць магчымасць бачыць мноства абліччаў з дапамогай сродкаў камунікацыі, але існуе рызыка таго, каб усё менш глядзець у вочы іншых”. “Гледзячы з павагай і любоўю на людзей таксама і мы можам здзейсняць рэвалюцыю пяшчотнасці”, - сказаў ён.

Па словах Папы, асаблівай увагі Касцёла павінна заслугоўваць моладзь і сем’і. Ён крытычна выказаўся пра сітуацыю людзей, якія вымушаны праводзіць большасць свайго часу на працы. “Гэта сацыяльна-эканамічная сітуацыя блакуе добрыя адносіны паміж бацькамі і дзецьмі. Трэба працаваць, каб так не было. Трэба, каб бацькі трацілі час з дзецьмі, каб маглі гуляць з імі”, - падкрэсліў Францішак.

Звяртаючыся да святароў, Пантыфік нагадаў пра важнасць іх штодзённую сустрэчу з Хрыстом. “Жадаю вам пастаянна адкрываць, на розных этапах вашага асабістага шляху і шляху служэння, радасць быцця святарамі, радасць быцця пакліканымі Панам, каб ісці за Ім, несці Яго слова, прабачэнне, любоў, ласку”, - сказаў Папа.

Пасля сустрэчы з духавенствам, кансэкраванымі асобамі і свецкімі вернікамі ў Чэзене, Святы Айцец на верталёце накіраваўся ў Балонню.








All the contents on this site are copyrighted ©.