2017-10-02 10:28:00

Папа: адсутнасць беднасці руйнуе кансэкраванае жыццё


Руйнаванне кансэкраванага жыцця пачынаецца ад недахопу беднасці, адзначыў Францішак падчас сустрэчы з духавенствам, кансэкраванымі асобамі, семінарыстамі і дыяканамі ў італьянскім горадзе Балоння. Яна адбылася 1 кастрычніка 2017 г. у мясцовым катэдральным касцёле св. Пятра. “Калі кангрэгацыя губляе сваю маёмасць, я кажу: “Дзякуй, Пане”, - дадаў Святы Айцец.

Францішак нагадаў аб важнасці братэрства для дыяцэзіяльных святароў. Ён казаў аб цноце празрыстасці і цярплівасці, якія дапамагаюць перажыць цяжкія хвіліны ў штодзённым служэнні, а таксама звярнуў увагу на неабходнасць адвагі, каб прамаўляць да ўсіх і аб ўсім, не пазбягаючы самых складаных і нават непапулярных спраў.

Законнікам Пантыфік нагадаў аб патрэбе ў “дыяцэзіяльнасці”, адчуванні прыналежнасці да дыяцэзіі, у якой служаць, з яе праблемамі і радасцямі. Ён заклікаў кансэкраваных асобаў вярнуцца да ідэалаў беднасці і блізкасці да Божага народу, як да леку ад шматлікіх праблем у іх асяроддзі, у першую чаргу ад спаду пакліканняў да манаскага жыцця.

Перад абліччам гэтай праблемы, па словах Папы, многія кангрэгацыі пакладаюць надзею на грошы, думаючы, што яны дапамогуць выжыць супольнасці ў адсутнасць новых пакліканняў. Некаторыя з іх становяцца ўсё больш малалікімі, у той час як іх багацці растуць, а законнікі становяцца ўсё больш прывязанымі да грошай. 

На думку Францішка, фінансавыя цяжкасці манаскіх супольнасцяў падштурхоўваюць іх вярнуцца да вытокаў. “Пан нярэдка прыходзіць да нас у постаці спадаў: пакліканняў, фінансавых сродкаў. Падумаем, чаму так мала людзей адчувае радасць паклікання?”, - спытаў Папа, і не адказваючы на гэта пытанне заклікаў да адкрыцця нанова сілы малітвы і беднасці. 








All the contents on this site are copyrighted ©.