2017-10-04 13:09:00

Кардынал Паралін: злоўжыванні адносна дзяцей – блюзнерства


Сексуальныя злоўжыванні адносна непаўналетніх для хрысціян з’яўляюцца “не толькі злачынствам, але таксама – як казаў папа Францішак – блюзнерствам, прафанацыяй сакральнага, прафанацыяй прысутнасці Бога ў кожным чалавеку”, нагадаў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін падчас адкрыцця Міжнароднага кангрэсу на тэму “Дзіцячая годнасць у лічбавым свеце”, які 3-6 кастрычніка 2017 г. праходзіць у Папскім грыгарыянскім універсітэце. 

У форуме прымаюць удзел каля 140 міжнародных экспертаў па барацьбе з педафіліяй у інтэрнэце. “Большасць з вас, працуючых на працягу доўгага часу ў гэтай сферы, добра ведае, што сексуальныя злоўжыванні ў адносінах да непаўналетніх з’яўляюцца вельмі шырокім і распаўсюджаным феноменам”, - сказаў кардынал у сваёй прамове. 

Ён нагадаў, што на працягу апошніх дзесяцігоддзяў гэта драматычная рэальнасць моцна закранула Каталіцкі Касцёл, які паступова дайшоў да ўсведамлення пакутаў ахвяр і неабходнасці выслухаць іх, каб затым спрыяць лячэнню нанесеных ранаў, устанаўленню справядлівасці, прадухіленню злачынстваў, фармацыі выхавацеляў і асобаў, якія працуюць з дзецьмі, каб садзейнічаць пашырэнню і ўмацаванню новай культуры абароны непаўналетніх, дзеля іх росту ў здаровых і бяспечных асяроддзях.

Па словах бліжэйшага супрацоўніка Папы, інтэрнэт не з’яўляецца месцам, адлучаным ад свету. Гэта “вымярэнне нашага адзінага рэальнага свету” і непаўналетнія, якія у ім растуць, падвержаны новым рызыкам, або “старым рызыкам, якія выражаюцца новымі спосабамі”. Асаблівым чынам гэта тычыцца краін, у якіх доступ да новых тэхналогій непрапарцыянальны эканамічнаму і сацыяльнаму развіццю, лічыць кардынал.

У такіх рэгіёнах бацькі часта не маюць кампетэнцый адносна таго, каб дапамагчы дзецям у адносінах з тэхналогіямі, а ўлады не ведаюць “адкуль пачаць, каб іх бараніць”. Перыферыі, аб якіх кажа папа Францішак, знаходзяцца таксама ў багатых грамадствах і часта пазначаны чалавечай і духоўнай беднасцю. Невыпадкова, што менавіта непаўналетнія з гэтых перыферый часцей становяцца аб’ектам злоўжыванняў і насілля ў інтэрнэце на глабальным узроўні, сказаў кіраўнік ватыканскай дыпламатыі.

Кардынал Паралін пажадаў удзельнікам міжнароднага кангрэсу распрацаваць супольную стратэгію па барацьбе з гэтай з’явай. Дзеці, народжаныя ў лічбавую эпоху, “менш спяць, менш выходзяць з дому, менш сустракаюцца і дэманструюць спазненне ў паводзінах, якія на працягу стагоддяў вызначалі пераход да дарослага ўзросту”, у свеце, такім як інтэрнэт, які мы лічыць па сутнасці добрым, але доступ да якога маюць розныя людзі, адзначыў кардынал Дзяржсакратар.

Міжнародны кангрэс “Дзіцячая годнасць у лічбавым свеце” быў арганізаваны Цэнтрам абароны дзяцей пры Папскім грыгарыянскім універсітэце і грамадскай арганізацыяй “WeProtect Global Alliance”, створанай у 2013 г. па ініцыятыве ўраду Вялікабрытаніі для абароны дзяцей ад сексуальных злачынстваў і злоўжыванняў у інтэрнэце. 6 кастрычніка яго ўдзельнікаў прыме на аўдыенцыі папа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.