2017-10-04 13:59:00

Перадсінадальная сустрэча: паведамленне Сакратарыяту Сінода


Перадсінадальная сустрэча моладзі, аб якой папа Францішак абвясціў 4 кастрычніка 2017 г. дазволіць маладым людзям з розных частак свету падзяліцца сваімі чаканнямі і жаданнямі, а таксама сумнівамі і турботамі адносна сучаснага свету, гаворыцца ў спецыяльным паведамленні Сакратарыяту Сінода Біскупаў. Форум пройдзе 19-24 сакавіка 2018 г. у Рыме.

Падобныя пасяджэнні ўжо праводзіліся ў мінулым, напрыклад перад VII Генеральнай Асамблеяй Сінода Біскупаў у 1987 г., прысвечанай пакліканню і місіі свецкіх вернікаў у Касцёле, або перад І Спецыяльнай Асамблеяй Сінода Біскупаў, якая мела месца ў 1991 г. і была прысвечана Еўропе. 

Маладыя людзі будуць запрошаны на перадсінадальную сустрэчу у якасці прадстаўнікоў Канферэнцый Біскупаў, Усходніх Касцёлаў, кансэкраванага жыцця і тых, хто рыхтуецца да святарства, касцёльных асацыяцый і рухаў, іншых хрысціянскіх Цэркваў, рэлігійных супольнасцяў і іншых рэлігій, свету адукацыі і культуры, працы, спорту, мастацтва, валантарыяту, крайніх экзістэнцыяльных перыферый. У ёй таксама прымуць удзел эксперты, настаўнікі і выхавацелі, якія дапамагаюць моладзі ў распазнанні жыццёвых выбараў.

Сустрэча павінна будзе ўзбагаціць фазу кансультацый перад XV Генеральнай Асамблеяй Сінода, пачатак якой быў дадзены публікацыяй Падрыхтоўчага дакументу і апытальніка для моладзі, а таксама правядзеннем Міжнароднага семінара аб праблемах моладзі, які прайшоў у Рыме ў верасні 2017 г. 

Дата, выбраная для правядзення сустрэчы, дазволіць дэлегатам прыняць удзел у Эўхарыстыі, якую папа Францішак будзе цэлебраваць ў Пальмовую нядзелю на плошчы св. Пятра з нагоды XXXIII Сусветнага дня моладзі, які ў 2018 г. мае тэму: “Не бойся Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана” (Лк 1,30).








All the contents on this site are copyrighted ©.