2017-10-05 13:57:00

Папа прыняў прадстаўнікоў біблейскіх таварыстваў


Хрысціяне павінны абвяшчаць Евангелле ва ўсім свеце, ва ўсіх месцах і пры ўсіх нагодах, адзначыў Францішак 5 кастрычніка 2017 г. падчас сустрэчы з членамі камітэта па адносінах з Цэрквамі Аб’яднанных біблейскіх таварыстваў (United Bible Societies) – міжнароднай хрысціянскай арганізацыі, якая аб’ядноўвае нацыянальныя біблейскія таварыствы. 

Пантыфік выказаў удзячнасць усім, хто прыкладае намаганні на карысць пашырэння “знаёмства з Бібліяй, спрашчаючы доступ да Бібліі на самых розных мовах” і “праз шматлікія формы сацыяльнай камунікацыі”. “Мы слугі Слова збаўлення, якое не вяртаецца да Пана без плёнаў”, але трэба “дазволіць Божаму слову “параніць” сябе, “каб выразіць вуснамі тое, што перапаўняе сэрца”, лічыць ён.

“З дапамогай Святога Духа мы павінны насычацца са стала Слова, праз чытанне, слуханне, вучобу і жыццёвае сведчанне. Мы прысвячаем час тым, каго любім, і тут гаворка вядзецца пра тое, каб любіць Бога, Які пажадаў прамовіць да нас і дае нам слова вечнага жыцця”, - падкрэсліў Францішак.

На думку Папы, “неабходна, каб сёння Касцёл выйшаў абвяшчаць Евангелле ўсім, ва ўсіх месцах, пры ўсіх нагодах, без прамаруджвання, без неахвоты і без страху”. Рабіць гэта трэба з паслухмянасцю місійнаму закліку Пана і з упэўненасцю ў Яго прысутнасці сярод людзей аж да сканчэння веку.

“Мы з’яўляемся слугамі Слова праўды. Мы перакананы, што “адзінства, якога прагне Бог, можна дасягнуць толькі пры адной умове: праз супольную вернасць Адкрыццю ў яго цэласнасці. Кампраміс у пытаннях веры супярэчыць Богу, які ёсць Праўдай. Хіба можна прызнаць законным прымірэнне ў Целе Хрыстовым, Якое з’яўляецца “дарогай, праўдай і жыццём”, коштам адмаўлення ад праўды?”, - працытаваў Пантыфік словы энцыклікі Яна Паўла ІІ “Ut unum sint”.

Божае слова “асвятляе, ахоўвае і бароніць, аздараўляе і вызваляе” і яго немагчыма “зняволіць”. “Дзеля яго многія нашы браты і сёстры знаходзяцца ў турмах, а яшчэ больш пралілі сваю кроў як сведчанне сваёй веры ў Езуса Хрыста”, - заўважыў Святы Айцец і заклікаў спрыяць распаўсюджванню Божага слова і хрысціянскай еднасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.