cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Сустрэчы і падзеі

Францішак: Касцёл лічыць сваім абавязкам абарону дзяцей

Францішак: Касцёл лічыць сваім абавязкам абарпну дзяцей

06/10/2017 14:43

Касцёл адчувае сваім абавязкам яшчэ больш глыбока і дальназорка ўключыцца ў абарону непаўналетніх і іх годнасці, не толькі ў сваім лоне, але ва ўсім грамадстве і ўсім свеце, сказаў папа Францішак 6 кастрычніка 2017 г. падчас сустрэчы з удзельнікамі Міжнароднага кангрэса “Дзіцячая годнасць у лічбавым свеце”, прысвечанага бяспецы непаўналетніх у інтэрнэце. Форум прайшоў 3-6 кастрычніка 2017 г. у Папскім грыгарыянскім універсітэце.

У сваёй прамове Святы Айцец падкрэсліў, што годнасць і правы дзяцей павінны быць абаронены заканадаўствам. Ён нагадаў аб асаблівай любові Езуса да дзяцей, Які кажа на старонках Евангелля: “Хто спакусіць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, таму лепш павесіць на шыю млынавы камень і патапіць у марской глыбіні” (Мц 18,6).

Лічбавы свет – гэта новы свет, які выклікае захапленне і зачараванне, але таксама і страх. Пантыфік адзначыў, што на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў адбыліся сур’ёзныя перамены ў жыццёвым асяроддзі людзей і спосабе камунікацыі. У свеце каля 800 мільёнаў непаўналетніх карыстаюцца інтэрнэтам, таму трэба быць уважлівымі да таго, што яны там знаходзяць.

“Мы павінны мець расчыненыя вочы і не хаваць ад сябе праўды, якая з’яўляецца непрыемнай, і якую не жадаем бачыць. Урэшце, ці мы не дастаткова зразумелі ў гэтыя гады, што хаванне фактаў сексуальных злоўжыванняў – гэта цяжкая памылка і крыніца шматлікіх няшчасцяў?”, - спытаў Святы Айцец.

Папа нагадаў пра існаванне вялікай колькасці “сур’ёзных феноменаў”, асабліва ў “цёмных рэгіёнах” інтэрнэту. Сярод іх: парнаграфічныя выявы, секстынг, сексуальнае вымагальніцтва, падбухторванне непаўналетніх з сексуальнымі мэтамі і цкаванне, якое ўсё больш адбываецца з дапамогай сусветнага павуціння. Да гэтых з’яваў можна дадаць арганізаваны праз інтэрнэт гандль людзьмі, прастытуцыю, прагляд у прамым эфіры згвалтаванняў і насілля над непаўналетнімі, якія здзейсняюцца ў розных частках свету.

Па словах Святога Айца, ніводная краіна не можа самастойна кантраляваць гэтыя феномены і перамагчы іх. “Мы не павінны дазволіць страху, які з’яўляецца кепскім дарадчыкам, панаваць над намі. І тым больш мы не павінны дазволіць пачуццю бяссілля паралізаваць сябе. Мы пакліканы малібілізавацца разам, ведаючы, што маем патрэбу адзін у адным, каб шукаць і знаходзіць належныя шляхі і рашэнні, каб даць эфектыўны адказ”, - сказаў Папа.

У гэтым кантэксце Францішак заклікаў не зрабіць цяжкіх памылак. Важна разумець, якую шкоду гэтыя з’явы робяць непаўналетнім, памятаць, што тэхнічных рашэнняў для перамогі над імі будзе недастаткова і, нарэшце, пазбегнуць разумення інтэрнэту, як прасторы “свабоды без межаў”. 

Папа нагадаў, што парнаграфія і звязаныя з ёй феномены, не толькі з’яўляюцца прычынай разладаў, залежнасцяў і сур’ёзных пакутаў, у тым ліку для дарослых, але таксама ўплываюць на перакручанае разуменне любові і адносін паміж поламі. “З’яўляецца вялікай ілюзіяй меркаванне, што грамадства, у якім прысутнічае ненармальнае спыжыванне сексу паміж дарослымі ў інтэрнэце, будзе здольным эфектыўна бараніць непаўналетніх”, - сказаў ён.

Пантыфік заўважыў таксама, што Каталіцкі Касцёл на працягу апошніх гадоў усё больш усвядоміў, што не дастаткова рабіў для абароны дзецей у сваім лоне. “На свет выплылі сур’ёзныя факты, за якія мы павінны прызнаць адказнасць перад Богам, ахвярамі і грамадствам”, - адзначыў Папа і дадаў, што менавіта па гэтай прычыне Касцёл лічыць асабліва сур’ёзным абавязкам яшчэ больш глыбока і дальназорка ўключыцца ў абарону непаўналетніх і іх годнасці, не толькі ў сваім лоне, але ва ўсім свеце і супрацоўнічаць з усімі, хто рушыць у гэтым кірунку.

Перад прамовай 16-гадовая дзяўчына з Ірландыі, ад імя ўсіх ахвяраў сексуальных злачынстваў, уручыла Пантыфіку супольную дэкларацыю, якую падпісалі ўдзельнікі рымскага кангрэсу аб барацьбе з педафіліяй у інтэрнэце.


06/10/2017 14:43