2017-10-07 13:36:00

Папа: Бог – міласэрны Рамеснік святарскай падрыхтоўкі


Справа падрыхтоўкі кандыдатаў да святарства – вызначальная для місіі Каталіцкага Касцёла, бо ад яе залежаць абнаўленне веры і будучыня пакліканняў, сказаў Францішак удзельнікам Міжнароднага кангрэса біскупаў і фарматараў духоўных семінарый, якіх прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане 7 кастрычніка 2017 г., у заключны дзень працы форума.

Святы Айцец заклікаў даручыць справу падрыхтоўкі святароў Богу, адкінуўшы самаўпэўненасць. Ён выкарыстаў вобраз ганчара, пра якога апавядаецца ў Кнізе прарока Ераміі (Ер 18, 1-10), чыя праца з глінай дазваляе спасцігнуць таямніцу міласэрнай любові Пана: з такой жа цярплівасцю Ён трасфармуе кожнае сваё стварэнне, надаючы яму форму.

“Святар, які не дазваляе Пану штодня сябе фармаваць, становіцца згаслым, з цяжкасцю, па інерцыі цягне сваё служэнне, без энтузіязму ў адносінах да Евангелля, без любові да Божага народу”, – перасцярог Папа. “Менавіта Бог з’яўляецца цярплівым і міласэрным Рамеснікам святарскай падрыхтоўкі”, – дадаў ён.

У той жа час, святары не ўвасабляюць толькі гліну ў руках Божых: кожны з іх, разам з біскупамі і простымі вернікамі, пакліканы да супрацоўніцтва з “нябесным Ганчаром”. Семінарыст або святар робіць гэта, аддаючы перавагу цішыні і малітве, давяраючыся “прадбачлівай крэатыўнасці Бога”, будуючы сяброўства з братамі ў святарстве і з людзьмі, якім пакліканы служыць; біскупы – праз пастаяннае сумеснае дбанне аб падрыхтоўцы годных святароў; нарэшце, народ Божы – уплываючы на пастыраў сваімі чаканнямі, жыццёвымі ранамі, запытамі і патрэбамі.

На заканчэнне Папа запрасіў кожнага з удзельнікаў кангрэса адказаць сабе на пытанне: “Якім святаром я хачу быць – “салонным”, ціхім і ўладкаваным, або вучнем і місіянерам, сэрца якога палае прагай служэння і любоўю да Божага народа? Асобай абыякавай, якая шукае ціхага жыцця, або прарокам, які абуджае ў сэрцы чалавека прагу да Бога?”

Міжнародны кангрэс, арганізаваны Кангрэгацыяй па справах духавенства, праходзіў у Рыме 4-7 кастрычніка 2017 г. і сабраў прадстаўнікоў епіскапатаў і семінарый больш чым 40 краін свету. Касцёл у Беларусі на форуме прадстаўлялі старшыня Камісіі епіскапату па справах фармацыі да святарства, біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, рэктар семінарыі ў Пінску кс. Андрэй Рылка і прэфект семінарыі ў Гродне кс. Андрэй Лішко.








All the contents on this site are copyrighted ©.